На беразе (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
8 из 17
- Аб чым думаеш? - запытаў зноў Амелька, памаўчаўшы.
- Не ведаю i сам. Нечага хочацца.
- Чаго?
- Кажу, што не ведаю.
Мiхась пакiнуў глядзець цераз рэчку i падышоў к бацьку.
- Вось так, - загаварыў ён, - часам паглядзiш на ваду, на хмары, паходзiш па полi на ветры, i захочацца нечага. Каб той, здаецца, аэраплан, дык узняўся б на доўгi час i лятаў бы, каб вецер свiстаў у вочы i вушы. Эх, няма лодкi, паплыў бы процi вады.
- Ага, узяло, - у сваю чаргу загаварыў Амелька, - i са мною гэта часта бывае. Узяў бы тады, здаецца, у кузнi молат i лупiў бы з усiх сiл па кавадле. Эх, сколькi сiлы ў нашага брата!
Амелька набраў поўныя грудзi паветра i дыхнуў.
- Вось жывём, - загаварыў ён далей, увесь ахоплены наплывам нейкiх новых думак, - зямля вялiкая, колькi на ёй усяго ёсць, а мы, апрача свае вёскi ды гэтага лесу, нiчога больш не бачым. Жывём неяк, як той поп кажа, па-божаму, на адным месцы, хоць сiлы ў нас многа.
- Знаеш, - сказаў Мiхась, - пайду я ў флот, зраблюся матросам. Запiшуся ў камсамол i пайду. Нашто, каб сiла прападала дарэмна; буду тут марнаваць сябе адно.
- Як хочаш. Не малы ўжо, - сказаў Амелька.
Амелька быў увесь, таксама як i Мiхась, ахоплен нейкаю вольнаю сiлай на зямлi было так шумна i весела.
- Пайду, - сказаў Мiхась i неяк задумёна прыбавiў: - Весела iсцi лесам. Дома там нейкi сход будзе вечарам, трэба быць.
Ён зняў з галавы шапку, паправiў валасы i пайшоў паволi, углядаючыся ў зямлю i як бы што думаючы. Шырокi i кароткi, без каўняра, кажушок на iм развяваўся на ветры.
|< Пред. 6 7 8 9 10 След. >|