На беразе (на белорусском языке)   ::   Черный Кузьма

Страница: 6 из 17



I ўжо не спрачаючыся, а з ахвотаю, ён дробна затупаў нагамi, махнуў галавою, каб скiнуць з яе шапку, i, стараючыся не адставаць ад хлапцоў, загукаў разам з iмi:

Ой, куды цябе нясе?!

Згiнеш ў рэчцы-паласе.

Разгулялася вада,

Чаго прэ цябе бяда?!

Далей Амелька не знаў слоў песнi i, кружачыся, выкрыкваў толькi адны галосныя зыкi:

- О-а, о-а, о-а-о!

А хлопцы не пакiдалi:

Не загiну я ў вадзе:

На той бок, у слабадзе

Жджэ дзяўчыначка мяне

- Дык цi ж можна згiнуць мне!

- Капут! - крыкнуў адрывiста Мiколка, пускаючы рукi.

Кола раскiдалася, i хлопцы пачалi выцiраць рукавамi пот з зачырванеўшых твараў.

- Ой, замарылi, д'яблы, - сказаў, моцна сапучы, Амелька.

- Давай, дзядзька, яшчэ пагрэемся, - смеючыся, сказаў Мiколка.

- Хай яго агонь спалiць, дайце адсапцiся, - адказаў Амелька i моцна дыхнуў.

- Калi так, дык марш, - сказаў адзiн з хлапцоў, - можа, дзядзька, маеш што дамоў перадаць?

- Я толькi што сам з дому.

- Ну, дык аставайся здароў! - закрычалi хлопцы.

- Пабольш скачы - весялейшы будзеш, - пачуўся яшчэ адзiн голас.

- Не маракуй, што пакруцiлi, - пачуў яшчэ Амелька адзiн голас.

На апошнiя словы ён аглянуўся на хлапцоў i весела, ласкава зарагатаў iм услед:

- А каб вас паляруш, каб вас!

Хлопцы пайшлi к лесу, а Амелька астаўся адзiн на беразе. Ён трохi патупаў на адным месцы, паглядзеў на неба.

|< Пред. 4 5 6 7 8 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]