На беразе (на белорусском языке)   ::   Черный Кузьма

Страница: 7 из 17



Там вецер нагнаў цэлыя шэрагi хмар, збiў iх у адну густую цёмную масу i закрыў ёю светлую лапiну адсонца. На зямлi зрабiлася цёмна i нудна. Здавалася, што мокрыя лагчынкi кругом на поплаве больш яшчэ сталi выпускаць з сябе густога i белага, як малако, туману.

Пiльна i падрабязкова разгледзеўшы ўсё гэта, Амелька палез у сваю будку i, лежачы там на саломе пад кажухом, да самага паўдня думаў розныя вясёлыя думы.

II

Па паўднi к парому зноў прыйшоў Мiхась.

Амелька сядзеў ужо на зямлi пры раскладзеным вогнiшчы i пёк на ражэнчыку сала.

- Ты чаго? - запытаў ён Мiхася.

- Нiчога, - адказаў Мiхась, - на поле гэтакаю пагодаю не выедзеш, дома работы няма, пайду, думаю, сюды, панюхаю ветру.

- Панюхай, - сказаў, смеючыся, Амелька. Яму было смешна з таго, што сказаў Мiхась.

- Хочаш? - працягнуў ён сыну сала.

- Не, - адказаў той.

Амелька пачаў есцi, а Мiхась, абапёршыся на локаць, расцягнуўся па сухiм месцы каля будкi i, паплёўваючы на зямлю, стаў глядзець некуды паверх вады.

На зямлi зноў рабiлася святлей. Вецер зганяў хмары ў адно месца, на паўночную старану неба; яны, ужо лёгкiя i паслушныя, паднiмалiся высока i быстра плылi, ачышчаючы палiняўшае неба. Туман пачаў знiкаць, i на той бок рэчкi выразней стала вырысоўвацца вёска Хартонаўка. Рака плюхала так, як i раней, але вада ў ёй пачала фарбавацца ў ясныя, блiшчастыя колеры.

Мiхась маўчлiва i быстра падняўся з зямлi, не аглядаючыся вакол, падышоў к вадзе i стаў так, як i раней, глядзець паверх яе.

- Што разглядаеш? - запытаў сына Амелька.

Мiхась маўчаў.

|< Пред. 5 6 7 8 9 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]