Не гуляйце каля статуи Свабоды (на белорусском языке) :: Орлов Владимир (2)
Страница:
8 из 17
Я крыху распрануўся i даў нырцапад тры коўдры, дзе ўжо даўно, скруцiўшыся ў клубочак, соладка пасопвала на канапе мая азяблая душа.
З усiх рыскiх пеўняў найблiжэй да неба той, што атайбаваўся на саборы сьвятога Пятра. Падняўшыся на сотню мэтраў, я стаю пад ягоным крылом i гляджу ў бок мора. Зьнiзу, з пляцу, плыве ў марозным паветры музыка: скрыпка, акардэон i басэтля. Такую мэлёдыю, толькi выдзьмутую з дуды-дудаса я чуў на вясковым беларуска-латыскiм вясельлi паблiзу Рыгi, дзе пазнаёмiўся з Андрысам.
Андрыс адседзеў тры гады за тое, што павесiў над сельсаветам латыскi нацыянальны сьцяг. "Запомнi, Володя, - казаў ён мне, - русские никогда не будут здесь хозяинами. Если бы ты был русский, я бы с тобой не сел выпить". Праз пару месяцаў Андрыс у штармавую ноч уцёк на маторцы на швэдзкую выспу Готлянд.
Спусьцiўшыся з сабора, можна паслухаць музыкаў, пакласьцi iм нешта ў капялюш i рушыць далей. А можна й не пакласьцi.
Зусiм ня так проста разьмiнуцца з музыкамi, што ўладкавалiся ў вузкiм аркавым праходзе па дарозе да сабора сьвятога Яна. На выхадзе скрыпач, не пакiдаючы граць, заступае вам дарогу, у пяшчотным голасе скрыпкi праразаюцца сталёвыя ноткi эпохi незалежнасьцi й эканамiчнага абвалу, i рука сама сабою цягне з кiшэнi пяць рублiсаў.
У электрычцы, што вязе мяне ў Юрмалу, да мора, я разгортваю сьвежы нумар газэты "Советская молодежь". Зрэшты, так газэта звалася раней. Цяпер гэтае заслужанае выданьне выходзiць пад таямнiчай назваю "СМ - сегодня". Што такое СМ - здагадвайцеся самi.
|< Пред. 6 7 8 9 10 След. >|