Не гуляйце каля статуи Свабоды (на белорусском языке) :: Орлов Владимир (2)
Страница:
6 из 17
Панiзьнiка:
Хто нi быў у майстра Вячкi!
I лiцьвiнкi, i палячкi
Заключалi творчы пакт.
Вось вам ню, а вось вам акт...
Свой хацеў пакiнуць ген
Лецка, той, якi - Яўген...
О tеmроrа, о mоrеs!
Пакiдаючы мяне нанач у майстэрнi, гаспадар раiць не хадзiць на вечаровы шпацыр. Найлепей бавiць рэшту вечара тэт-а-тэт зь ягонай найбагацейшаю ў сьвеце калекцыяй беларускiх паштовых картак. (Выдавецтва "Беларусь" ня мае сродкаў на выданьне ягонай кнiгi "Гарады Беларусi на старых паштоўках", i Вячка спадзяецца на фундатараў.) У тым разе, калi я засумую над карткамi, маю адзiноту можа разьвеяць чэрап на палiцы. Перахапiўшы мой позiрк, гаспадар кажа, што некаторыя з начлежнiкаў i нават (што ўжо зусiм недаравальна) зь дзеячоў нацыянальнага адраджэньня прыкрывалi чэрап газэцiнай, хоць ён, Вячка, i папярэджваў, што гэты знойдзены археолягамi чэрап насiла на сваiх плячох простая беларуская жанчына аднекуль з-пад Ваўкавыску.
Карацей кажучы, чым бадзяцца па сталiчных вулках, лепей пасядзець з чэрапам беларускай жанчыны. Днямi каля манумэнту Свабоды абрабавалi самога амэрыканскага пасла, якi, мабыць, вырашыў сустрэцца з латыскiм народам.
Я, дзякаваць Богу, не пасол, шмат у мяне не нарабуеш, а таму я заходжу ў густа сьпiсаны кiрылiцаю лiфт i празь дзесяць хвiлiнаў у чаканьнi магчымых экспрапрыяцыяў наблiжаюся да статуi Свабоды. Мяне займае адзiн iстотны аспэкт нацыянальнага пытаньня.
|< Пред. 4 5 6 7 8 След. >|