Ноч пры дарозе (на белорусском языке)   ::   Черный Кузьма

Страница: 12 из 26



Старац стаяў каля парога, чмыхаў ад холаду мокрым, пасiнеўшым носам i пазiраў на ўсiх так, як бы хацеў сказаць: "Што ж, мой лёс такi, здзекуйцеся, смейцеся, ваша сiла". Апрача гэтага, на твары яго адбiвалася як бы нейкая пэўнасць у тым, што i трэба, каб гаварыў так гаспадар. Ён як бы лiчыў, што рыжага застаўляе гаварыць так нейкi закон, у якiм ён няволен. Здавалася, што, каб хто падышоў к яму i плюнуў яму ў твар, ён толькi памалу абцёрся б рукавом i нiчога не сказаў бы - такi маўчлiвы, спакойны i пакорны быў яго твар.

- Што ты, звар'яцеў, рыжы, цi якое табе лiха, - сказаў Мiкiтка, пускай яго, няхай начуе.

Рыжы пацiснуў плячамi i маўчаў.

- Iдзi, iдзi, начуй, - гаварыў Мiкiтка, - раздзявайся.

Жабрак уздыхнуў, падышоў к лаве i пачаў раздзявацца, баязлiва паглядаючы на рыжага...

Ужо цямнела. У печы весела трашчаў агонь, шыпела там сала на скаварадзе, а вакол завiхалася гаспадыня. Павятовыя начлежнiкi моцна гаварылi ў сваiм пакойчыку, шамяталi паперамi. Туды к iм пайшоў i Мiкiтка. Рыжы часта выходзiў на двор, паглядаў на будынкi - сачыў за сваёю гаспадаркаю. Пiльшчыкi пачыналi драмаць, седзячы ў цёмным кутку за сталом. I чутно было, як на двары зычна i доўга ўсмак лаяўся рыжы, заганяючы гусi.

III

Вечарам, як запалiлi лямпу, заехалi начаваць яшчэ два маладыя цыганы.

Яны ехалi на кiрмаш у горад з коньмi. Паставiлi яны iх на двары, пад паветкаю, i часта, па чарзе, выходзiлi глядзець iх.

Абодва адзетыя ў ватовыя вопраткi да кален з сiняга сукна, яны мелi выгляд нейкай фальшывай, панурай нi то вясёласцi, нi то проста развязнасцi ў гаворцы.

|< Пред. 10 11 12 13 14 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]