Ноч пры дарозе (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
13 из 26
Яны зразу напоўнiлi хату сваiм спецыфiчным цыганскiм пахам, так што Мiкiтка пачмыхаў носам i, зарагатаўшы, сказаў:
- Але ад цыгана дык заўсёды, як ад сабакi, ветрам нясе.
- А ад мужыка ведаеш чым нясе? - адказаў цыган, паказваючы ад смеху зубы, i растлумачыў, якiм духам нясе ад мужыка, вызваўшы гэтым моцны i шчыра-вясёлы рогат усiх, хто быў у хаце, апрача жабрака, якi цiхенька сядзеў у мыцельнiку, падабраўшы пад сябе ўсе свае клункi. Здавалася, што стараецца ён займаць як можна менш месца ў хаце, нiкому не замiнаць i нават не напамiнаць аб сваёй прысутнасцi. Яго марыў сон, i вочы яго жмурылiся. Увесь яго выгляд гаварыў аб тым, што жыве ён сваiм асобным жыццём, нiчым не звязаным з жыццём усiх другiх людзей. I зносiны з акружаючымi яго людзьмi меў ён у такой меры, у якой атрымлiваў ад iх хлеб за свае "малiтвы". I магчыма, што каб цяпер хто-небудзь стаў даваць яму сродкi для жыцця i тым самым збавiў бы яго ад неабходнасцi цягацца кожны дзень па вёсках, ён жыў бы сярод людзей, як сярод страшнай пустынi. I калi ў яго быў якi-небудзь светапогляд, то ён, можна напэўна сказаць, быў бы незразумелым, у высшай меры цёмным для ўсякага, хто захацеў бы як-небудзь разабрацца ў iм.
Нешта падобнае, хоць i ў многа лепшай меры, можна было прымецiць i ў цыган.
|< Пред. 11 12 13 14 15 След. >|