Ноч пры дарозе (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
14 из 26
Хаця яны i вельмi многа, больш нават як трэба, цiкавiлiся ўсiм акружваючым iх, хоць яны i вельмi многа гаварылi з усiмi, але было нешта такое ў бляску iх чорна-рыжаватых вачэй, што застаўляла падумаць: нешта сваё думае гэты чорны, порсткi чалавек, нiколi ён не раскажа табе сваiх думак, i не пазнаеш ты - прыяцель ён табе цi вораг.
Абодва цыганы тупалi па хаце, часта выходзiлi к коням, жартавалi з гаспадыняю, смяялiся.
I калi рыжы сказаў iм скрозь смех, што яны заўтра не аднаго мужыка абдураць, прадаючы конi, адзiн з iх сказаў, нi то ў жарт, нi то сур'ёзна:
- А хто мужыку забараняе цыгана абдурыць?
I ў голасе, якiм былi сказаны гэтыя словы, адчувалася нейкая гранiца, якою гэты чалавек абмежаваў сябе ад другiх людзей.
Душа ж пiльшчыкаў была як на далонi. Яны весела смяялiся, калi цыган што-небудзь расказваў смешнае, задумёна кiвалi галовамi, калi гаварыў ён аб чым сур'ёзным, страшным.
Угледзеўшы, што адзiн цыган сядзiць на мяшку мукi каля парога i ўсё раз-поразу з'язджае з яго, Улас сказаў:
- Iдзi, пане цыгане, сюды, на лаву. - А потым, пасунуўшыся, сказаў скоранька: - Э, не, лепш сядзi там, а то мне якраз прыйдзецца сядзець на некiм суку...
Павятовыя начлежнiкi выйшлi скора з сваёй каморкi. Абодва яны селi на доўгi зэдлiк пасярод хаты, гаварылi на ўсякiя тэмы; яны звярталi ўвагу на ўсё, што рабiлася вакол.
Старшы паглядзеў на жабрака i сказаў яму цiха:
- Але ж ты, браце, змёрз i ўтамiўся здорава, вiдаць па табе. Цяжка хадзiць?
- Ведама, цяжка, - адказаў жабрак з выглядам чалавека, якi мала цiкавiцца - лёгка яму цi цяжка. У яго як бы не было нiколi думак, паняццяў аб тым, што жыццё можа быць лягчэйшым.
|< Пред. 12 13 14 15 16 След. >|