Ноч пры дарозе (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
4 из 26
Чыстая вада, сцiснутая абкошанымi берагамi, баялася некуды спазнiцца i ўсё плыла-плыла, падганяючы сама сябе. Вецер шараваў рэдкiмi калiвамi пакалечанага быдлам плюшнiку аб берагавыя карчы.
- Што гэта ён там робiць, - сказаў Кузьма, ткнуўшы пальцам налева.
Улас стаў i прыгледзеўся.
Там, на жоўта-зялёным беразе, дзе пачыналiся нiзенькiя кусты ядлоўцу, сядзеў, прытулiўшыся к караваму пню крывое, голае вярбы, рыжы мужык у жоўтым, доўгiм кажусе. Ззаду за iм цягалася чорная кабыла, пашчыпваючы нiзенькую мёрзлую траву, а вецер падмахваў пасмамi яго доўгае, чырвонае барады, ад чаго падобнымi яны былi да языкоў полымя на вогнiшчы ўночы.
- Што гэта яму прыйшло ў галаву пасвiць каня гэтакаю парою?
- Не, гэта ён там так нешта робiць другое.
- Можа i гэтак... Давай сядзем на мосце - аддыхнём i закурым. Ды папытаем, дзе тут вёскi якiя ёсць.
Яны селi на халодным мосце, глядзелi ў адно месца, i здавалася iм, што сонца як бы грэць трохi стала.
Рыжы мужык падышоў к пiльшчыкам. Высокаю i лёгкаю фiгураю сваёю стаяў ён проста пры самым мосце ўнiзе, улажыўшы рукi ў рукавы кажуха i ад холаду чмыхаючы тонкiм гарбатым носам.
- Аддыхаеце?
- Але.
- Далёка iдзiцё?
- I далёка i блiзка. Дзе работа будзе з пiлою - нiдзе не брышкуем. А сёлы далёка тут?
- Блiзка.
- А ты гэта, чалавеча, што каня пасеш гэтакаю парою?
- Пасу, - усмiхнуўся крыва рыжы.
- Такi праўда пасеш?
Рыжы скрывiў рот i шырока ўсмiхнуўся.
- Ну? - дапытваўся Кузьма.
|< Пред. 2 3 4 5 6 След. >|