Ноч пры дарозе (на белорусском языке)   ::   Черный Кузьма

Страница: 5 из 26

Ямухацелася ведаць, чаго гэта такою парою сядзiць мужык на поплаве. Усiмi сваiмi пачуццямi i думкамi ён сам быў селянiн, i гэта цiкавiла яго.

- Ёсць, браце, прычына сядзець мне тут, - загаварыў рыжы. - Вартаўнiком сяджу, вось што. Унадзiлi ездзiць поплавам - блiжэй, а дарогай - кружней. Па чарзе выходзiм кожны дзень, аж абрыдзела. Я сяджу тут i прашу Бога, каб каго чорт нагнаў - не памiлую, дубiнаю голаў растаўку сукiнаму сыну. Проста хочацца, каб хто праехаў. Вось слаўна было б.

- Э-э-э... дык табе, як я бачу, пра поплаў мала клопату, а пра чужую голаў!

- Да гэтага давялi.

- Вось штука... Што бывае з чалавекам часам, гы-гы-гы-гы!..

- Чаго рагочаш, - агрызнуўся рыжы на Кузьму.

- Ды так. Я не з цябе, а з таго, што з чалавекам часам бывае.

- Эх, каб ты згарэла, - гаварыў рыжы, - нiхто, як на злосць, не едзе, як бы ведаюць, што я вартую.

Рыжы цiха, як бы сам над сабою, усмiхнуўся. I ўсе яны ўсмiхнулiся, потым закурылi. Рыжы ўжо ўсадзiў нос у жменю Кузьмы, дзе тлела запалка, але, не прыкурыўшы, раптоўна ўскiнуў галаву ўгору, прыслухаўся i азiрнуўся. Там, дзе ён нядаўна сядзеў, грукалi калясьмi драбiны. Рыжы кiнуў папяросу ў рэчку i сам пабег па беразе. Драбiны ўехалi ў кусты, ён узаскочыў на каня i кiнуўся ўслед.

- От брат, - зарагатаў Кузьма, - што робiцца, каб на яго агнi. Гы-гы-гы-гы!..

Ён усiмi сваiмi пачуццямi i думкамi ўвайшоў у справу рыжага мужыка; хацелася яму скiнуць з плеч пiльнiцкую торбу з манаткамi i напiльнiкамi i гнацца разам з рыжым за возам па кустах.

|< Пред. 3 4 5 6 7 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]