Ноч пры дарозе (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
6 из 26
I ў тую хвiлiну, нават няведама для яго самога, у глыбiнi яго мазгоў пачала фармавацца думка адцурацца пiлы i ўзяцца за плуг. Дзе i як - усё роўна. Так захапiла яго гэтая сялянская справа на пустым поплаве.
А Ўлас паглядзеў, як рыжы схаваўся ў кустах, паправiў на спiне пiлу i, тузянуўшы за рукаў Кузьму, пайшоў далей.
- А я гляджу, - сказаў ён iдучы, - сядзiць чалавек на беразе, падпёршы плячыма пень, i думаю - нешта тут робiцца. А разабраўся блiжэй - самая пусцячына. Ды гэта яшчэ нiчога. Але часам даводзiлася, бывала, бачыць, як чалавек што-небудзь i сапраўды задумае як бы важнае, а як прыгледзiшся гэтаксама.
Кузьма iшоў i думаў аб тым, як добра было б быць на месцы рыжага мужыка. Чысцiць дома каня, правiць плугi, малацiць, хадзiць па мёрзлым iржышчы к рэчцы, глядзець на паплавы.
I ён ад наплыву думак загаварыў, стараючыся выказаць iх, але блытаючыся ў словах:
- Гэта ж, брат, каб на яго паляруш... От бо, брат, неяк, лiха на яго...
I раптоўна змоўкшы, махнуў рукою i маўчаў ужо ўсю дарогу.
II
У вёсцы вецер уздзiраў салому на стрэхах, шамятаў ёю, гнаў разам з сухiм i халодным пылам па вулiцы. За вугламi, на сухiм картаплянiку, валялiся сабакi, падымаючы галовы на халоднае сонца. Па зацярушаных саломаю дварах галасiлi пеўнi, дзецi плакалi, ушушканыя ў старыя кажухi i халаты. Дзе-нiдзе стукалi па гумнах цапы, бабы i мужыкi абтыкалi мохам хаты каля вокан, падвалiны пяском абсыпалi, сцены кастрыцай абкладвалi.
Ад хаты да хаты паволi хадзiў кульгавы жабрак i малiўся за "душы змарлых".
|< Пред. 4 5 6 7 8 След. >|