Ноч пры дарозе (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
9 из 26
"Ну i скупы ж", - падумалi пiльшчыкi пра рыжага, а ён ужо расказваў далей пра сябе:
- Даўней я тут карчму трымаў, вялiкая дарога тут праходзiць, вунь слупы з акна вiдаць. А цяпер - так, заезджы дом. Так заязджаюць начаваць або грэцца падарожныя. I няма цяпер жаднага разгарнення. Няма выпiўкi - палавiна даходу паменшала, лiха яму. А даўней, старымi часамi, якая любата была - усе суседнiя вёскi ў мяне пiлi, грошы, як з мяшка, сыпалiся.
- Ды што гаварыць, - сказаў Улас, каб што-небудзь сказаць, а сам падумаў: "От гад, лiха яму, праўдзiвы воўк, нядарам i барада ў яго нялюдская, рыжая, як агонь. Ну, ён, каб прыйшлося, не памiлуе".
А рыжы гаварыў далей:
- Тым часам i цяпер многа падарожных бывае. Камiсары павятовыя часта ездзяць, вайсковыя, балаголы заязджаюць, везучы тавар, але ўсё ж не тое, што раней, куды к чорту...
Як бы падкрэслiваючы яго словы, заскрыпелi на двары вароты, у двор уехаў вялiкi, параконны воз, i хутка ў хату ўвайшлi двое.
Адзiн - саўсiм малады, з першым маладым пухам на верхняй губе, у чорным кажусе з фалдамi i белым каўняром. Другi - старэйшы, з чорнаю бародкаю, высокi. Ад цёплай адзежы здаваўся сперш тоўстым, але, распрануўшыся, саўсiм стаў тонкiм.
- Добры вечар у хату, - сказаў ён, усмiхаючыся.
А малодшы быстра пераскочыў цераз парог i загукаў весела:
- Як маешся, рыжы? Прымай гасцей. Чуеш?.. Э!..
Рыжы зразу прыняў шутлiвы выгляд i лупянуў з размаху вясёлага хлопца па плячы, потым закруцiў яго леваю рукою па хаце.
- Здарова, рыжы чорт, - крычаў хлапец, схвацiўшы таго за бараду.
|< Пред. 7 8 9 10 11 След. >|