Ноч пры дарозе (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
7 из 26
Зкаждае хаты яму выносiлi кавалак хлеба або невялiчкую скварку, i ён, схаваўшы ўсё гэта ў торбу, зразу пакiдаў спяваць, абрываючы сваю "малiтву" на паўслове. У iншай жа хаце яму доўга нiчога не выносiлi. Ён канчаў сваю песню, зазубраную за добрую жыццёвую практыку, а з хаты яшчэ нiхто не выходзiў. I тады ён, каб не маўчаць, пачынаў спяваць усё, што прыйдзе ў голаў, абы яно было так цi iначай звязана з "душамi змарлых".
"Каб вашы душачкi па печы насiлiся".
"Каб халоднаю зiмою яны з палатак не злазiлi..." - цягнуў ён часта ў такiх выпадках; прыдумляў усё новыя i новыя "блажэнствы душам змарлых", да таго часу, калi яму чаго-небудзь не выносiлi з хаты. Тады ён скоранька гаварыў "дзякаваць пакорна вам, а мне на мiла здароўе" i iшоў далей.
Улас i Кузьма ўвайшлi ў ветлiцу* пад вечар. Борады iх былi змяты, твары запылены. Гледзячы на малюнкi вясковага жыцця, Кузьма зноў адчуў у сабе жаданне астацца дзе-небудзь у вёсцы на гаспадарцы. I мала-памалу з'явiўся ў яго нейкi страх перад думкаю, што зноў трэба будзе з гэтай вёскi iсцi далей, шукаючы работы. З такiмi пачуццямi i думкамi прайшоў ён з Уласам усю невялiчкую вёску. Работы тут, як вiдаць, было многа - уся вулiца завалена была дзеравам, кожны гаспадар збiраўся на вясну, мусiць, ставiць новую хату або правiць старую.
* Ветлiца - дарога, абсаджаная вербамi.
- Тут, брат, зазiмуем, - гаварыў весела Ўлас.
А Кузьма ўжо станавiўся вясёлы.
|< Пред. 5 6 7 8 9 След. >|