Ноч пры дарозе (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
8 из 26
У яго думках пачала ўжо малявацца магчымасць, прабыўшы тут зiму, прыгледзецца к тутэйшаму жыццю, завясцi знаёмствы i, атрымаўшы кавалак зямлi, астацца тут жыць.
Больш, як дзе, дзерава было за вёскай, каля высокае старое хаты, стаяўшай на ўзгорку, асобна. Туды падышлi пiльшчыкi. Яны ўвайшлi ў вялiкi, чысты двор, заросшы клёнамi. Разганяючы чарады гусей i качак, падышлi яны к ганку, i Ўлас прывычна стукнуў пальцам у шыбу. Потым глядзелi на дзверы хто выйдзе.
Скрыпнулi дзверы, i на ганку паказаўся рыжы мужык. Ён быў ужо раздзеты; твар яшчэ больш чырванеў, як бы распараны.
- А браткi ж мае, - загаварыў ён, - гэта ж трэба якраз трапiць. Вось добра. А я ўжо пасля шкадаваў, што пусцiў вас: гэта ж мне трэба якраз дзерава гэтае папiлаваць усё.
- Ды тут у вас работы ў вёсцы многа.
Рыжы агледзеў свой двор i павёў пiльшчыкаў у хату. Там было прасторна i светла. На вялiкiх вокнах стаялi пабiтыя гаршкi з нейкiм запыленым зеллем, к сцяне кросны тулiлiся, ад якiх пахла нi то мокраю пражаю, нi то свежаю кастрыцаю. Вузенькiя дзверы ў пабеленай сцяне вялi ў адгароджаны дошкамi невялiчкi пакойчык.
I зразу ў пiльшчыкаў мiльганула аднолькавая думка - багатыр.
- Кулак, - цiха шапнуў на вуха Кузьма Ўласу. Той прыжмурыў вочы, згадзiўшыся.
А рыжы загаварыў:
- Вы ў мяне сягоння начуйце, а за начлег распiлуеце мне заўтра дзве плашкi напалам. Заўтра ж або вечарам сягоння пагаворым аб рабоце. Пiлоўкi ў мяне многа, а за начлег - я ж кажу, распiлуеце мне дзве плашкi заўтра.
|< Пред. 6 7 8 9 10 След. >|