Падзенне (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
105 из 117
Зрэшты, мне выпадала карыстацца свабодай i з больш бескарыснымi мэтамi, i нават уявiце сабе такую наiўнасць! - я двойчы цi тройчы кiдаўся яе абараняць. Праўда, я нiколi не думаў памiраць за яе, але часам усё-такi рызыкаваў. Што ж, трэба дараваць мне такую неасцярожнасць: я сам не ведаў, што рабiў. Мне было невядома, што свабода - не ўзнагарода i не адзнака, якую святкуюць шампанскiм. I не падарунак цi прыгожая скрынка з ласункамi на ўцеху тваёй вантробе. Зусiм наадварот - гэта цяжкая праца, доўгi бег на бясконцую дыстанцыю, у адзiноце i на змор. Нi шампанскага, нi сяброў, якiя б узнялi келiх i зiрнулi на цябе з пяшчотнай любоўю. Адзiн, заўсёды адзiн: у змрочнай зале, у непрытульнай камеры, на лаве падсудных - адзiн перад судом усiх i судом над самiм сабой. I ў канцы ўсякай свабоды кожнага чакае прысуд. Вось чаму свабода - непасiльная ноша, асаблiва калi ты пакутуеш, цi калi ты трасешся ў гарачцы, цi калi ва ўсiм свеце няма чалавека, якога б ты мог палюбiць.
Ах, шаноўны, таму, хто адзiн, хто не мае нi Бога, нi пана, цяжар дзён заўсёды здаецца пачварным. I таму кожны вымушаны выбiраць сабе пана. Не Бога, не - Бог даўно ўжо не ў модзе. Нават слова, i тое ўжо страцiла сэнс, цяпер iм можна хiба што шакiраваць акружаючых. А вы зiрнiце на нашых маралiстаў: якiя яны сур'ёзныя, як горача яны любяць сваiх блiзкiх i гэтак далей! Але, па сутнасцi, чым яны адрознiваюцца ад хрысцiян? Ды нiчым! Хiба што чытаюць свае казанi не з амбона. Дык што, па-вашаму, замiнае iм вярнуцца ва ўлонне рэлiгii? Павага? Правiльна - павага, якою яны карыстаюцца ў людзей.
|< Пред. 103 104 105 106 107 След. >|