Падзенне (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
85 из 117
I тады я ўразумеў, я ўсвядомiў - пакорна, як пакараюцца думцы, у слушнасцi якой даўно ўжо няма сумнення,- што крык, якi некалькi год назад пралунаў над Сенай, нi на мiг не змаўкаў, яго знесла цёмнымi водамi да Ламанша, ён доўга лётаў па свеце, над неабсяжным акiянскiм абшарам, каб нарэшце даждаць таго дня, калi я сустрэнуся з iм. Я зразумеў, што ён цяпер i заўжды будзе чакаць мяне на морах i рэках - паўсюль, дзе ёсць горкая вада майго хрышчэння. А тут, скажыце, мiлы дружа, цi ж мы не на вадзе? На гэтай гладкай, манатоннай i бясконцай вадзе, якая неўпрыкмет ператвараецца ў сушу? Нават цяжка паверыць, што хутка мы будзем зноў у Амстэрдаме! Здаецца, нам нiколi не вырвацца з гэтай гiганцкай купелi. Прыслухайцеся! Вы чуеце, як клiчуць кагаркi? Можа быць, яны клiчуць нас? Да чаго ж яны нас заклiкаюць?
Гэта тыя самыя кагаркi, што крычалi i малiлi над Атлантыкаю ў той дзень, калi я канчаткова ўсвядомiў, што я зусiм не акрыяў, што я па-ранейшаму хворы i з гэтым трэба неяк змiрыцца. Кончылася пышнае жыццё, кончылiся i выбрыкi, i шалёныя намаганнi. Настаў час скарыцца i прызнаць сваю вiну. Пачалося жыццё ў каменным мяху. Але вы, мусiць, не ведаеце, што каменным мехам у сярэднявеччы называлi адмысловую камеру ў падземным вязеннi. Найчасцей чалавека кiдалi туды на ўсё жыццё i забывалi. Такая камера адрознiвалася ад iншых умела падабранымi памерамi. Яна была не такая высокая, каб у ёй можна было стаяць, але i не такая шырокая, каб можна было легчы. Жыць там даводзiлася ў абсалютна ненатуральнай паставе - наўскасяк. Калi чалавек засынаў - ён падаў, калi не спаў - мусiў сядзець на кукiшках.
|< Пред. 83 84 85 86 87 След. >|