Падзенне (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
87 из 117
Вы ж, напэўна, чулi пра камеру пляўкоў, якую нядаўна выдумаў адзiн народ, каб даказаць, што ён сама вялiкi ў свеце? Гэта своеасаблiвая каменная скрыня, у якой асуджаны стаiць на ўвесь рост, але не можа нават варухнуцца. Трывалыя дзверы, праз якiя яго запiхваюць у гэту цэментаваную шкарлупiну, зачыняюцца якраз пад самым падбародкам, так што звонку вiдаць адну галаву. I кожны наглядчык, якi iдзе мiма, смачна плюе яму ў твар. Зацiснуты ў камеры, вязень не можа нават абцерцiся, хоць заплюшчваць вочы яму, праўда, не забараняецца. Дык вось, мiлы дружа, гэтую штучку прыдумалi людзi. I iм зусiм не спатрэбiўся Бог, каб стварыць такi маленькi шэдэўр.
Што з гэтага вынiкае? Ды тое, што Бог мог бы быць карысны людзям толькi тады, калi б дараваў iм бязвiннасць, i наогул, рэлiгiя ўяўляецца мне хутчэй, як вялiзная пральня, якою яна, зрэшты, некалi i была, але вельмi коратка усяго тры гады, i тады яна яшчэ не называлася рэлiгiяй. А пасля, вiдаць, мыла раптам убавiлася, i мы пачалi смаркацца i падцiраць свае вазгратыя насы. Але ўсе мы былi гультаi, i ўсе сплацiлi за гэта, кожны пачаў пляваць на свайго суседа i - гоп! - штурхаць яго ў каменны мех! Выйграе той, хто плюе першы, вось i ўсё. Я раскрыю вам, дружа, адзiн вялiкi сакрэт. Не чакайце Апошняга Суду. Ён ужо адбываецца - кожны дзень.
О, не-не, не звяртайце ўвагi, гэта я, вiдаць, крыху азглеў ад гэтай чортавай макрэдзi. Зрэшты, мы ўжо прычальваем. Ну вось. Прашу, я пасля вас. Толькi не адыходзьце, калi ласка, правядзiце мяне дадому. Я ж яшчэ не скончыў i павiнен расказаць, як жыў далей. Жыць далей - вось што сама цяжкае. Дарэчы, вы ведаеце, за што яго ўкрыжавалi - таго самага, пра каго вы, напэўна, цяпер падумалi? Ну, вядома, гэтаму была цэлая процьма розных прычын.
|< Пред. 85 86 87 88 89 След. >|