Падзенне (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
86 из 117
Паверце, нягледзячы на ўсю сваю прастату, гэта было сапраўды генiяльнае вынаходнiцтва. Вязень, якi кожны дзень быў вымушаны сядзець у неверагодна скручанай паставе, ад якой дранцвела ўсё цела, нарэшце сам усведамляў, што ён - вiнаваты, бо бязвiннасць можа, прынамсi, бестурботна выпрастацца на ўвесь рост. Вы можаце сабе ўявiць, каб у такой камеры апынуўся чалавек, прызвычаены да вяршынь i верхнiх паверхаў? Што? У гэтых камерах маглi сядзець i бязвiнныя людзi? Неверагодна, мiлы дружа, абсалютна неверагодна! Iначай гэта знiшчыла б усе мае разважаннi. Каб бязвiннасць прымусiлi жыць гарбатай?! Ды я нават на секунду не хачу дапусцiць такой думкi! Зрэшты, хто можа з упэўненасцю сказаць, што той цi iншы чалавек нi ў чым не вiнаваты? Наадварот - кожны з нас перакананы, што за ўсiмi ёсць нейкая вiна. Кожны сведчыць пра злачынства ўсiх - вось маё крэда i мая надзея.
Паверце, рэлiгii горка памыляюцца, калi пачынаюць выдаваць свае маральныя законы i сыплюць перунамi, асуджаючы грэшнiкаў. Бог зусiм не патрэбен, каб ствараць паняццi граху i кары. Гэта выдатна ўмеюць рабiць простыя смертныя, i мы заўсёды гатовы iм дапамагчы. Вы нешта казалi пра Апошнi Суд? Дазвольце ж пачцiва ўсмiхнуцца. Я чакаю яго без усякага хвалявання, бо зведаў у жыццi нешта горшае - суд чалавечы. У яго няма змякчальных акалiчнасцей, ён нават добрыя намеры ставiць у вiну.
|< Пред. 84 85 86 87 88 След. >|