Падзенне (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
90 из 117
Бяда ў тым, што ён пакiнуў нас зусiм адных - каб мы жылi далей, жылi, што б там нi здарылася, нават калi будзем вымушаны тулiцца ў каменных мяхах, нават калi таксама зведаем тое, што ведаў ён. Зразумела, што многiя хацелi аблегчыць сабе жыццё за кошт яго смерцi. Нарэшце, гэта была генiяльная думка - сказаць нам: "Што зробiш, вы сапраўды не зусiм бездакорныя, гэта факт. Дык навошта корпацца ў дробязях? Пакончым з усiм адразу - на крыжы!" Але вельмi многiя цяпер лезуць на крыж толькi дзеля таго, каб iх было бачна здалёк, нават калi дзеля гэтага iм даводзiцца крыху пацiснуць таго, хто там ужо даўно ўкрыжаваны. Вельмi многiя замяняюць цяпер паняцце велiкадушнасцi паняццем лiтасцi. О, як несправядлiва з iм абышлiся! О, як несправядлiва! Адна думка пра гэта кроiць мне сэрца...
Вось ужо гэта старая звычка - зноў пачынаю абараняць! Вы ўжо прабачце, калi ласка. Я спадзяюся, вы разумееце, што ў мяне ёсць на гэта свае прычыны. Дарэчы, ведаеце, непадалёку адсюль ёсць музей, якi называецца "Гасподзь наш збавiцель - на гары". Даўней тутэйшыя хрысцiяне рабiлi свае катакомбы на самых паддашках. Што зробiш, сутарэннi тут залiвала вадой. Але сёння, можаце быць спакойны, iх Бог ужо не на гары i не ў сутарэннi. У сваiх патаемных думках яны перанеслi яго ў суд, пасадзiлi ў трыбунальскiя крэслы i цяпер б'юць i судзяць - менавiта судзяць! - ад яго iмя. А ён так лагодна казаў грэшнiцы: "Iдзi з мiрам, я таксама не асуджаю цябе". Ну дык што? У iх гэта не мае значэння, яны - судзяць, яны нiкому не даруюць грахоў. Ага, папаўся? На, вось табе, вось - у iмя бога! Якога бога? Мiлы дружа, ды ён зусiм не патрабаваў гэтага. Ён хацеў, каб яго любiлi, не болей. Праўда, цяпер яшчэ, напэўна, ёсць людзi, якiя любяць яго.
|< Пред. 88 89 90 91 92 След. >|