Пошуки будучыни (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
10 из 228
Твар яго яшчэ больш умарнеў, але ўчарашняй вяласцi ў вачах не было. У вачах свяцiўся бляск i, можа, гэта з гарачкi, нiхто тут нiчога не ведаў, i што ён сказаць хацеў - невядома. Салдат сказаў хлопцу:
- Немец можа памерцi, трэба доктара.
- А хiба я ведаю, дзе той доктар? - развёў хлопец рукамi, i ў яго голасе было многа пратэсту: "Што вы маеце да мяне? I так мяне ўчора валтузiлi, не давалi бацьку пахаваць!" Волечка стаяла за iм нейкая малая, цiхая.
- Пакажы мне, дзе ў вас доктар, - сказаў да яе салдат, - хадзем.
- У нашым мястэчку цяпер няма доктара, - адказала яна ўзбуджана, - ён на вайне.
- А дзе ж вы лечыцеся, калi хто захварэе?
- Калi хто захварэе, дык паляжыць i сам ачуняе.
- Дык дзе ж дастаць доктара?
- Дык можа ён i так паправiцца?
- Можа i паправiцца. Але доктар усё роўна патрэбен, напiсаць акт або аб смерцi, або аб тым, што ён хварэў i правiўся, i таму я так павольна яго вёў.
- Доктар ёсць у другiм мястэчку за дзесяць вёрст.
- Запражы каня, - сказаў салдат да хлопца, - i прывязем доктара.
- Добра, - узбуджана адказаў хлопец. Магло здавацца, што ён нечаму ўзрадаваўся.
- А калi ехаць? - сказаў ён ахвотна.
- Трэба хутка.
- Дай яму чаго паесцi, - сказаў салдат да Волькi.
Хлопец i Волька выйшлi ў сенцы i сталi раiцца. Яна сказала:
- Я звару чыгунок бульбы, ёсць накопаная, i салдата накормiм, а немцу малака дам. - Выходзiла так, што i хлопец тут як бы гаспадар i з iм трэба раiцца.
|< Пред. 8 9 10 11 12 След. >|