Пошуки будучыни (на белорусском языке)   ::   Черный Кузьма

Страница: 12 из 228

Усю дарогу ён распытваў - а адкуль, а як, а што, салдату было весялей, таму i ехалi павальней. I вось праз усю дарогу назад, не спяшаючыся ехаць, малады фурманшчык разглядаў наваколле паабапал дарогi. Дзень гэты быў сонечны. На бярозах трапяталася жоўтае лiсце. У чыстым полi адзiнокi лiсток на дарозе iмкнуўся з ветрам удалячынь. Лясы паўз дарогу нерухома вартавалi спакой восенi. На пустым iржышчы i на пакошах хадзiла жывёла. Ясны сум восенi, здавалася, плыве з ветрам, i ўсё вiсiць, як доўгачаканая ласкавасць. Шыпшына кустамi стаяла без лiсця i з чырвонымi пладамi. Патузваючы лейцы, малады фурманшчык перажываў дзiцячае жаданне спынiць каня, адысцiся да шыпшыннiку i нарваць, немаведама дзеля чаго, поўную шапку ягад. Душа яго ўцiхамiрвалася дарогай, павольнай яздой, восенню i цiшынёй. Яму здавалася, што ўжо з гэтых мясцiн яму нiкуды не трэба ад'язджаць, нiкуды i нiколi, што не трэба ўжо шукаць у свеце прыстанку i што тут усё вельмi падобна на той родны кут, з якога ён з блiзкiмi сваiмi i роднымi выехаў. З такiм станам свае душы ён уехаў у Сумлiчы i пад'ехаў да добра ўжо яму вядомай Волеччынай хаты. Салдат шпарка саскочыў з воза i пабег у хату, а следам i фельчар. Калi ж малады фурманшчык увайшоў у хату, ён убачыў, што немец ляжыць усё на тым жа месцы, а Волечка поiць яго з лыжкi малаком. Салдат сядзiць у одуме, а фельчар пiльна прыглядаецца да немца. Калi ж Волечка з пустой мiскай ад малака адышлася к печы, фельчар пачаў абслухваць i абмацваць хворага немца.

|< Пред. 10 11 12 13 14 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]