Пошуки будучыни (на белорусском языке)   ::   Черный Кузьма

Страница: 145 из 228

Можа i ён нас шукае, але натрапiць адно на другое не можам.

- А дзе Лiза?

- На вулiцы сочыць, каб не iшоў хто. Мы з ёю пасля заходу сонца прыйшлi дадому - можа, Костусь, а можа, i ты дома. Як аполак да дзiркi прыстаўлен быў ты, бачым, гэта твой спосаб аполак так прыстаўляць. А той нежывы ляжыць, смярдзiць ужо. Божа, увесь двор запаганiць! Мы з Лiзай выкапалi яму пасярод завулка, каб не ў сваiм двары, выцяглi гэтую падлу паскам за ногi i засыпалi ў яму. Як бачыш управiлiся.

- Цi глыбока хаця яму выкапалi? - гаспадарскiм тонам абазваўся Нявада.

- Глыбока. Будзе з яго... Мы падумалi, што ты тут. Дзе ж ты iнакш будзеш.

- Гэта мая родная хата!

- Божачка! Чаго ты! I мне гэтыя сцены многа даюць сцiску ў грудзях... Але цяпер я пайду падмяню Лiзу, няхай прыйдзе паспiць хоць на голым тапчане, а ты таксама паспi, калi аж закульгавеў бродзячы.

Яна адразу знiкла дзесьцi на вулiцы, высокая ў цеменi, тонкая, у гаматной мужчынскай вопратцы. "Божа, хiба я спаць буду", - падумаў ён i шпарка рушыў услед за ёю на вулiцу. Ён ужо ледзь бачыў у змроку яе постаць, але да яго iшла Лiза, яна здалася яму высокай. Было падобна, што ён у момант вылечыўся ад свае балячкi, што так мучыла яго яшчэ здаўных: дарэмна балела яго душа аб ёй, як аб бездапаможнай i беспараднай пакутнiцы, калi яна цягла паскам у яму мерцвяка i нiбыта што. Божа, як ён глядзеў цяпер на яе - яна iшла паволi i як бы не ведаючы, што ён тут. Здаецца, яна зараз пройдзе далей.

|< Пред. 143 144 145 146 147 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]