Пошуки будучыни (на белорусском языке)   ::   Черный Кузьма

Страница: 151 из 228



- Бач ты, ласунчык на ягадкi! Франт з падстрыжанаю бародкаю, здзекаваўся з Нявады нейкi тутэйшы хамула ў форме нямецкага палiцэйскага. У Нявады ўсё сцiснулася ўсярэдзiне. Быццам бы ён праглынуў жывую жабу i яна ў iм жыве i скача, халодная.

- Я пайду, - сказаў Нявада.

- Iдзi, iдзi, - дазволiў вялы хамула, дробна мiргаючы вачыма на сонцы. - Калi табе так хочацца, дык iдзi, толькi не азiрайся, хэ-хэ-хэ...

Нявада ўгнуў плечы ад гэтага рогату i рушыў у мястэчка. Яму вельмi хацелася азiрнуцца, але ён баяўся. Ён ад утрапення i сам не ўсвядомлiваў сабе, што палiцай пратрымаў яго на дарозе даволi-такi доўга. Яго здзiвiла цiшыня ў мястэчку, зноў як бы ўсе пакiнулi сваё жытло. Калi ён дайшоў да свае старое хаты, заўважыў, што ў ёй i каля яе пануе страшнае маўчанне. Пячаць пустэльнi ляжала тут вельмi выразна. З вушачнага лежака над сенечнымi дзвярыма на нiтачцы павуцiння вiсеў драбнюткi павучок i то спускаўся да самага нiзу дзвярэй, то зноў паднiмаўся.

- Што ты дарогу загарадзiў! Паскудства! - буркнуў Нявада i парваў плячом павуцiнне, уваходзячы ў сенцы. Божа! Тут усё стаiць дагары нагамi, нават сiнi куфар ляжыць бокам i века ў iм адламана. У хаце тапчан адсунены ад сцяны, i на iм чамусьцi жмуты кудзелi. Няваду больш узнепакоiла агульная сумлiцкая пустыня, чым пустыня гэтай хаты. Нiдзе нi душы, як вымерла ўсё. Гадзiн са дзве ён чакаў, i нiхто не з'яўляўся. Тым часам i дзень хiлiўся з паўдня. Узнепакоены, Нявада пайшоў па хатах, ён не хадзiў, а кiдаўся з хаты ў хату - i нiкога нiдзе.

|< Пред. 149 150 151 152 153 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]