Пошуки будучыни (на белорусском языке)   ::   Черный Кузьма

Страница: 165 из 228

Думка яго была такая, што ён належаў да тых небагатых землеўласнiкаў, якiя былi ў блiзасцi з вялiкiмi тутэйшымi зямельнымi магнатамi цераз польскую думку. Спачатку гэтая думка была такая, што Польшча павiнна быць ад мора i да мора. А калi прыйшлося ўсiм выехаць на выгнанне ад бальшавiкоў, то думка гэтая стала такой: ад мора да мора як сабе там хоча, а самае важнае, каб Польшча стала шырэй - ад Нясвiжа да Бабруйска, каб хоць так, тады можна будзе вярнуцца ў свае маёнткi. Тады пачалася мара аб пашырэннi Польшчы на ўсход хоць на малую разлегласць. Арандуючы фальварак пад Клецкам, мой бацька толькi i думаў, што аб звароце ў свой маёнтачак. А дзеля гэтага iдэя пашырэння Польшчы на ўсход стала яго як бы мэтай у жыццi. I ўсё сваё жыццё ён гэтага чакаў. Раней ён проста жыў, а з гэтага часу пачаў ненавiдзець усё, што не польскае. Радзiўся i пачаў расцi я. Мне бацька i прышчапiў свае жаданнi. Яго думкi сталi маiмi думкамi, калi я даростаў ужо да свайго юнацтва. Я вырас з думкаю: калi-небудзь адбудзецца паход на ўсход i Польшча асталюецца па ўсёй усходняй Беларусi. А з слова "Беларусь" мы смяялiся. Нiякай Беларусi няма, а ёсць Польшча! Гэта была i мая вера. Я скончыў гiмназiю i праходзiў факультэт у Вiленскiм унiверсiтэце i мог стаць высокаасвечаным юрыстам, ды шчасця не было ў душы маей. Бо я вечна думаў пра тое, што недзе каля Бабруйска ёсць месца, якое чакае мяне i дачакацца не можа i што там гучыць мова такая, якая там ёсць, i гэта маё няшчасце, бо мне трэба, каб там анiчога (нават i шум ветру) не чулася, а толькi каб з таго месца, а не з Варшавы каб гучэла толькi польская мова.

|< Пред. 163 164 165 166 167 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]