Пошуки будучыни (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
167 из 228
Палiводскi быў нашым шэфам. Ён наведваў нашы школы i казаў нам, што служыць Германii цяпер - гэта значыцца, дбаць аб Польшчы. У тыя часы ён ужо зусiм пакiнуў службу ў польскiм войску, а служыў i жыў недзе ў самой Германii. А тым часам нас вучылi не толькi шпiёнству, а i ўлiвалi ў нас па кроплi атруту спачатку абыякавасцi, а пасля i непрыязнi да Польшчы. Ужо тады я пачынаў задумвацца над усiм гэтым, але трымаўся, зацяўшы душу, бо спадзяваўся на прыход будучынi, калi мы паможам Германii пакласцi пад польскiя ногi ўсходнiя землi. Восень дзевяцьсот трыццаць дзевятага года нас пратрымалi пад пiльным наглядам, i, калi Польшчы ўжо не было, мы вытрымалi экзамен на гатоўнасць да вялiкага паходу на ўсход. Нарэшце гэты паход пачаўся. Больш як за месяц да яго я перайшоў ля Берасця гранiцу i пабраўся сюды, прайшоўшы праз той мой фальварак каля Нясвiжа i Клецка. Бацька, мацi i старая жанчына, мая былая нянька, i цяпер благаславiлi мяне. Бацька мне сказаў: "Як толькi Германiя знiшчыць Савецкую дзяржаву на ўсходзе, то Польшча зноў устане". Я не задумаўся, адкуль бацька ведае гэтакую праўду, i рушыў далей на ўсход. Я бадзяўся па полi i лесе, адзiчэў i чакаў. Калi Германiя рынулася на ўсход, я калацiўся ад радасцi. За гэтую радасць нейкi чалавек на дарозе даў мне жалезам па галаве. Я звалiўся i некалькi тыдняў качаўся каля дарог, баючыся кожнага чалавека i разам з сабакамi i свiннямi едучы траву i ўсялякае паскудства ў ямах i канавах. Мяне апанавала крываўка. Я ляжаў тры тыднi пад кустамi i вылечыўся голадам.
|< Пред. 165 166 167 168 169 След. >|