Пошуки будучыни (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
186 из 228
У хваробе ён даў дурную волю сваiм пачуццям i аддаў чорт ведае каму вялiкае багацце. Праз усё жыццё я казала яму, што ён зрабiў злачынства перад Германiяй. Ён гэта i сам разумеў. Ён праклiнаў той свой душэўны парыў. Калi з'явiлася вучэнне фюрэра аб заваёве Германiяй свету, ён быў адным з тых першых, што ўбачылi тут адлюстраванне сваiх асабiстых думак. Гэта ўжо не быў парыў. Наш Густаў з маладых год пачаў рыхтавацца да змагання за ўвесь свет для Германii. Усё прайшло, як сон. Божа, наш Густаў не будзе арандатарам! Але чаму я сама не свая! Наш маёнтак не ў Германii, а так далёка. Мы яшчэ не прычакаем, пакуль тут стане карэнная Германiя.
Яна падышла да акна i стала глядзець у яго. Вiдно было поле, вялiкi абшар з рэдкiмi дрэвамi i на даляглядзе сiнiя iстужкi лясоў. Вiдно было з другога паверха, як у адным месцы сыходзяцца ў вузел палявыя дарогi i непадалёку вiдно ў лагчыне мястэчка. Гертруда яшчэ не асвойталася тут. Яна не ведала нi назваў, нi iмёнаў, не трымала ў памяцi яшчэ анiводнага твару сярод тутэйшых людзей. Часамi смутак сцiскаў ёй грудзi. Як вялiкага свята, яна заўсёды чакала тых дзён, калi прыязджаў сюды Густаў, яе сын i ваенны начальнiк тутэйшай акругi. Ён заязджаў сюды даволi часта. Ён ведаў трывогi i сум свае мацi, ён быў ёй добрым i ласкавым сынам. Гэта быў дзейны чалавек i практычны работнiк. У яго акрузе былi чатыры канцэнтрацыйныя лагеры, i ён сам займаўся iмi. Дзеля iх ён нават зрабiў змены ў агульным для лагера рэжыме.
|< Пред. 184 185 186 187 188 След. >|