Пошуки будучыни (на белорусском языке)   ::   Черный Кузьма

Страница: 184 из 228

За поплавам былi дзве вулiцы новых хат i дамкоў з жоўтымi шуфлядамi i шалёўкай вокан, з кветнiкамi ад вулiцы i вяндлярнямi на агародах. З усяго было вiдно, што тут будоўля дайшла да свайго завяршэння апошнiмi гадамi. У гэты час ранняй восенi, калi непадалёку ад малога скрыжавання бяроза сыпала на лясную дарогу жоўтае лiсце, тут, на поплаве, каля вiннага завода хадзiла на пашы чарада кароў, у кожнай з якiх вымя адвiсала нiжэй каленных суставаў. У двухпавярховым доме пахла фарбаю i мытаю падлогаю. Вокны былi адчынены, i пад iмi ляжалi на двары зграможджаныя разам абы-як школьныя парты i сталы, шафы i чорныя дошкi для пiсання мелам. Усё гэта было перасыпана i перашпаклёвана кнiгамi, некалькi разоў перамыта дажджамi i бесперапынна прысыпалася пылам з навакольнага поля. Было яшчэ невялiкае дапаўненне да агульнага малюнка: некаторыя хаты стаялi з павыбiванымi вокнамi i знятымi з крукоў сенечнымi дзвярыма, а памiж дрэў перад двухпавярховым домам пахаджваў нямецкi палiцай, вiдаць, нейкi тутэйшы хамула з падстрыжанымi вусамi. З другой стараны дома стаялi грузавiкi i лёгкая машына, i два нямецкiя салдаты мылi яе. Невядома, якi гэта быў дзень пасля таго, як Гертруду i старога Густава малады Густаў спаткаў на Баранавiцкiм вакзале, але гэта было праз нядоўгi час пасля таго. У адным з пакояў двухпавярховага дома сядзела за сталом Гертруда i цераз стол насупроць яе той сярэднi афiцэр, што камандаваў салдатамi, калi яны ахоўвалi маладзейшага Густава ў Баранавiчах i па дарозе i абстрэльвалi лес паабапал дарогi.

|< Пред. 182 183 184 185 186 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]