Пошуки будучыни (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
185 из 228
Вельмi можа быць, што яны заседзелiся пасля абеду, бо на стале былi ласункi, а час хiлiўся на вечар.
- Я стаў за гэты час вашым блiзкiм чалавекам. I мне яшчэ доўга прыйдзецца ахоўваць вас, - сказаў афiцэр. - Тут шчаслiвая выпадковасць. Недалёка адгэтуль канцэнтрацыйны лагер, каля якога стаiць вялiкая часць канвою i варты. Я са сваiмi салдатамi належу да гэтай часцi. Так што адначасна мы ахоўваем i вас i лагер. Вам тут смела можна жыць i працаваць.
- Гэта не выпадкова, - сказала Гертруда. - Наш Густаў, калi выбiраў месца для лагера, сумысля падумаў аб блiзасцi да гэтага маёнтка. Тут жа яшчэ адно: маёнтак вялiкi, а тутэйшых людзей асталося мала, дзе яны падзелiся, невядома, хаты пустуюць...
- Яны паразыходзiлiся па лясах i пасталi бандытамi.
- Дык у першыя гады, пакуль вайна, маёнтак будзе трымацца на рабоце забраных у лагер.
- Тым больш я тут доўга буду.
- I я так думаю. Учора, калi мылi падлогу, адна дзеўка так на мяне паглядзела, што я пакiнула верыць майму сыну, якi кажа, што над тутэйшым народам трэба павесiць меч, i ён уверуе, што гэта тая праўда, да якой ён сам павiнен iмкнуцца. Божа мой, я не думала, што мне ў мае гады прыйдзецца быць так далёка ад Германii i перажываць такую трывогу. Усё жыццё мы марылi мець маёнтак у самой Германii. Дзiўна сказаць, але мой Густаў на тую яшчэ, першую, вайну пайшоў ахвотна. Ён быў радавы. Мы былi арандатарамi. На той вайне ён меў ужо каштоўнасцей на цэлы маёнтак. Але ён не вытрыманы чалавек.
|< Пред. 183 184 185 186 187 След. >|