Пошуки будучыни (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
190 из 228
Да гэтых належала адна высокая жанчына, да жудасцi хударлявая з постацi i з твару. Яна была не маладая i не тое каб старая. Так ёй магло быць год мала-менш як пяцьдзесят. Рысы твару строгiя i, можа, нават халодныя. Позiрк спакойны, мала рухавы, ён як бы быў выяўленнем чалавечай упэўненасцi, што нiчога новага на гэтым старым свеце не ўбачыш. Спачатку i яна кiдалася ў натоўп па баланду i ваду, але пасля ўбачыла, што лепш быць галодным, чым з памятымi касцьмi. Тады яна пачала ўгаворваць многiх устанавiць чаргу на баланду i ваду. Пачынанне яе перадалося да iншых, i, калi чарга пачала ўстанаўляцца, яна раптам адчула сябе так, што як бы ўжо зачапiлася за нейкую справу цi мэту, i гэта вывела яе душу з стану бязвер'я i безнадзейнасцi i дало ёй сiлы лягчэй цярпець сваё iснаванне.
Так прыйшоў момант, калi яна аднойчы, седзячы ў адзiноце на стаптанай траве i выбiраючы адтуль нейкiя, вядомыя ёй травiны, якiя яна ела, загаласiла: "А добры мой, а лепшы за ўсiх мой, а чаму ж ты па мяне не прыходзiш? Хiба ж ты забыўся, як ты нудзеў па мне дваццаць год i як дзецi не ведалi, якi ты, а я зямлю арала i азiралася, а можа ты як-небудзь бачыш мяне? А цi памятаеш ты, як Тамашка наш упаў быў з дрэва i гаварыць не мог..." З таго часу яна пачала галасiць кожны дзень, перабiраючы ў сваiм галошаннi ўсё сваё жыццё ад дзён свае маладосцi, ад той вайны з немцамi да гэтай, i такiм парадкам праз яе галошанне ўсе дазналiся, як яна жыла i што было ў яе душы. Што гэта было за жыццё! Выкiданне з хаты, марнаванне маладосцi, смутак у сталасцi, вечнае выгнанне ў жыццi на родным месцы.
|< Пред. 188 189 190 191 192 След. >|