Пошуки будучыни (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
20 из 228
Аж яно i добра, што ўзяў.
Гэтую чыстую, як сляза, мiкстуру адным заходам выпiлi ўтрох: фельчар, салдат i немец. Пасля гэтага неўзабаве шумна стала ў гэтай хаце. Салдат, заглядаючы ўсiм у вочы, даводзiў, што няма на свеце лепшых дзяцей, як яго, недзе там далёка адсюль. Фельчар крычаў салдату ў твар цераз стол, што ён верыць, што ў яго слаўныя дзецi. А цяпер ён скажа пра капусту, якую ён сам садзiў, а расаду прывозiў аж з-за Слуцка. "Такое капусты свет не бачыў". Тут фельчар апомнiўся, збянтэжыўся i павярнуўся да Кастуся:
- А нашто табе шукаць якой-небудзь дарогi ў свет на бадзянне? Жывi ў гэтай хаце i памагай гэтай малой жыць на свеце. Вам жа цяпер абаiм важна, каб абы дзень перабыць. У яе вернецца бацька, i жыццё пачнецца, а ты скончыцца вайна, i вернешся на сваю Вiлейшчыну.
I раптам пасля гэтых слоў штосьцi сталася з Кастусём. Незаўважна выйшаў ён з хаты i ўзлёг грудзьмi на бiла ў возе. Цяжкi, як стопудовы камень, смутак навалiўся на яго. Родныя мясцiны на Вiлейшчыне, куды яму прарочыў вярнуцца стары фельчар, звязвалiся ў яго ўяўленнях з бацькам. Як жа ён вернецца туды, калi ўжо бацькi няма? А калi i вернецца, то цяпер гэта ўжо не тое будзе. Конi пацерлiся мысамi аб яго плечы. Ён устрапянуўся i падклаў iм сена. Як увайшоў у хату, убачыў, што Волечка спiць не раздзеўшыся на тапчане пры печы i без нiчога пад галавою. Спяць дзе хто - немец, фельчар i салдат. Ён выйшаў зноў i лёг на воз. I зноў, як i тая ноч - з зорамi i цiшынёй. Яна яму здалася доўгай. I вядома: вераснёвыя ночы доўгiя.
|< Пред. 18 19 20 21 22 След. >|