Пошуки будучыни (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
19 из 228
Гэта быў раздушаны крышан сала. Аж босыя пяты яго мiгцелi, як маланка, калi ён ускочыў назад у сенцы з моцным шпаркiм шэптам. На твары яго ляжаў таемны выраз вялiкага змоўшчыка:
- Волька, выйдзi к возу на момант.
I сам скiнуў з сябе дзiцячую трапятлiвасць i сталай хадой падаўся з сянец. Так жа паволi i стала Волька пайшла за iм. Абое сталi яны ля воза, дзе двое коней бесперапынна жавалi сена.
- На табе сала, на гаршчок будзе. I нiкому не кажы, што гэта я табе даў. Няхай думаюць, што гэта ў цябе было, але ты не хацела спавядацца перад усiмi i сказала, што няма.
Трэба было бачыць у гэты момант Волечку. Як заваёўнiца свету, яна з ганарлiвай павольнасцю ўвайшла ў хату i зноў пачала хадзiць ля печы. Салдат дастаў з свайго ранца бляшанку кансерваў, паставiў на стол i сказаў:
- Можа гэтым добра закрасiць гаршчок?
- Я ўжо закрасiла салам.
- А ты ж казала...
- Мала што я казала...
Немец сядзеў на лаве i прыглядаўся да ўсяго, што рабiлася ў гэтай чужой яму хаце. Ужо быў прыцемак. Ужо агонь у печы згасаў. Ужо вераснёвы вечар апаноўваў цiшынёй свет. Хвiлiна за хвiлiнай, i ўсе гэтыя людзi паселi навокал стала. Волечка частавала iх патравай, якую, можа быць, i сама прыдумала з прычыны свае неспрактыкаванасцi ў гаспадыньскiх справах. Еў салдат, еў фельчар, еў Кастусь, еў i немец. I ўсiм падабалася яда. Фельчар раптам паварушыў сваю медыцынскую дарожную пакоўню i паставiў на стол пляскатую пляшку.
- А гэтую мiкстурку я ўзяў з сабою, бо думаў, што прыйдзецца ёю лячыць немца.
|< Пред. 17 18 19 20 21 След. >|