Пошуки будучыни (на белорусском языке)   ::   Черный Кузьма

Страница: 21 из 228

На свiтаннi ён моцна заснуў. Сонца пабудзiла яго. Яно бiла яму ў твар, але гэта было восеннае сонца, мяккае i лагоднае, як шчокi любага дзiцяцi. З вулiцы чулiся гукi напоўненай працай ранiцы. З комiна Волеччынай хаты iшоў дым. Ён спалохаўся, што праспаў нешта важнае, усхапiўся i застаў у хаце дзiўную сцэну: у залiтай сонцам хаце цесна было каля той лавы, на якой раней ляжаў хворы немец. У печы палаў агонь. Ружовенькi i свежы тварам немец адной рукой гладзiў па галаве Волечку, а ў другой трымаў сваё ўчарашняе пiсьмо i соваў яго ў фельчаравы рукi i штосьцi ўсё гаварыў, гаварыў, да чаго фельчар прыслухоўваўся.

- Ага, - зразумеў нарэшце фельчар, - ты рад, ты шчаслiвы, што ачуняў i ўжо здаровы? А ты думаў, што памрэш, адзiн сярод чужых людзей? Аж ты ўбачыў, што гэтыя людзi цябе ратавалi i паставiлi на ногi? Ты кажаш, што ў цябе ёсць дома сын, якому цяпер ужо дзесяць год? Ён таксама, як i ты, завецца Густаў Шрэдэр? Тое, што ён ёсць на свеце i што ты ачуняў, радуе цябе? Ага, ты хочаш чым-небудзь аддзякаваць нас усiх i найбольш гэтую малую? Ну дык яна завецца Волька.

Вядома, немец нiчога не ведаў, што кажа фельчар. Але ён, i не чуючы i нiчога не слухаючы, гледзячы сам у сваю душу, раптам прыгарнуў да сваiх грудзей Волеччыну галаву, i твар яго перасмыкнуўся момантным рухам шчасця. У наступны момант ён пачаў шнырыць па патайных кiшэнях i пад падшэўкай свае адзежы.

|< Пред. 19 20 21 22 23 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]