Пошуки будучыни (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
205 из 228
З таго дня i гэты куток, дзе сярод кустоў ляжаў нежывы Акаловiч, i той маёнтак, адкуль на трэцi дзень пасля першых допытаў i доследаў вывезлi на блiжэйшы могiльнiк Палiводскага, i ўсе тутэйшыя дарогi пачалi часта агалашацца стукатам нямецкiх матацыклаў i грузавiкоў i скогатным бразгатам танкаў i танкетак. Кожную легкавую машыну ахоўвала танкетка, а калi ехаў якi-небудзь санавiты немец, то за iм iшоў танк, або i два. Пачалi з'яўляцца i станавiцца тут часцi вялiкага карнага злучэння. Аўтаматчыкi на грузавiках штодзень кудысьцi ехалi дарогамi. Грунтавым жа шляхам, якi ляжаў тут, час ад часу праходзiлi танкi. Можа гэты захад быў не так дзеля аховы нямецкiх заваёваў, як дзеля таго, каб нагнаць страх па насельнiцтва. Танкi, хоць па адным цi па два, пачалi часамi шнураваць па вялiкiх дарогах i суседнiх з гэтаю акруг. Смерць Палiводскага перакiнула трывогу i туды. Нямецкiя начальнiкi толькi за вялiкаю патрэбаю выязджалi са сваiх месц i старалiся трымаць каля сябе як найбольш салдат. Што ж да людзей, то ўсюды гаварылi пра пахаванне Палiводскага: завезлi, засыпалi ў яму, i нiхто з людзей на пахаваннi не быў, толькi палiцэйскiя i два немцы. Нiхто не ўздыхнуў i не дакрануўся хустачкай цi пальцамi да вачэй. З гэтай прычыны пайшла старая прымаўка на новы лад: "Служы немцу верна, дык ён ад цябе нос адверне". Так шырока погаласка i трывога пайшла, што задалёку ад месца смерцi Палiводскага, у сваiм неўладаваным яшчэ маёнтку, Гертруда i яе стары Густаў былi няшчасныя ўсе тыя днi, калi не быў з iмi iх сын. А ён пачаў бываць тут вельмi зрэдку. У яго быў iншы клопат: у яго было больш, як у iншай якой акрузе, канцэнтрацыйных лагераў, i гэта пачало вельмi непакоiць яго.
|< Пред. 203 204 205 206 207 След. >|