Пошуки будучыни (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
206 из 228
Ён павялiчыў i пашырыў разведку i "прачосванне" лясоў. Але салдат было ў яго мала, бо з цэнтра закамандавалi некаторым гарнiзонам перамясцiцца адсюль у акругу, дзе быў забiты Палiводскi. У яго такiм парадкам узнiкла думка злiць усе канцэнтрацыйныя лагеры ў адзiн, каб злучаныя разам вартавыя вайсковыя часцi сталi моцнай сiлай. Яго гэтую думку прынялi. Але пакуль што тут было яшчэ спакойна. Ад Перабродскага лагера да маёнтка, куды ён пасадзiў на ўладанне свайго бацьку, было кiламетраў дваццаць. Ад маёнтка да вялiкага грунтавога шляху, якi iшоў ад Гомельшчыны цераз Бабруйшчыну на Вялiкае скрыжаванне з Маскоўскаю шашою на Случчыне, было кiламетраў пад семдзесят. Па гэтым шляху i пачалi шнураваць танкi час ад часу. Нi танкi, нi салдаты нiводнай сутычкi нi з кiм не мелi, i ўсё пачало як быццам спакайнець.
Па людзях жа пайшла гамана, што па лясах збiраецца вялiкая сiла, мноства людзей i ўсё пры зброi, i многа там чырвонаармейцаў i камандзiраў, i што нешта вялiкае неўзабаве можа адбыцца. Што ж да справаў на фронце, то прайшла чутка, што падышлi вялiкiя папаўненнi i Чырвоная Армiя хутка пачне наступаць. Тым часам вельмi шырока стала вядома, што каля Сумлiч на Вялiкiм скрыжаваннi адбыўся напад на нямецкую аўтакалону: звыш як семдзесят нежывых немцаў ляжаць на самым скрыжаваннi пад недаломкамi васьмi машын. А ў суседняй з Сумлiчамi воласцi ўночы раптоўна невядомыя перастралялi ўсю палiцыю i схапiлi i забралi жывога з сабою каменданта.
|< Пред. 204 205 206 207 208 След. >|