Пошуки будучыни (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
24 из 228
Волечка з непаразуменнем падтулiла плечы i адышлася ад стала, трэба сказаць - задаволеная, што, нарэшце, хата была пустая ад чужых людзей i нiхто ёй не перашкаджае цяпер даiць i кармiць карову, прыбiраць у хаце, пазiраць у вокны, цi не сышлi з дварадзве куры, што былi ў яе гаспадарцы. Гэта не гаворачы ўжо аб тым, што адзiн за адным iшлi вераснёвыя днi, а ў яе яшчэ не было пасеяна жыта. Пра непасеянае жыта яна i ўспомнiла цяпер. Парыў смутлiвай заклапочанасцi рвануўся ў яе душы. Яна, як сталая, заламала рукi:
- А Божа мой, жыта не пасеяна. А восень iдзе.
- Дык я табе пасею, - сказаў, устрапянуўшыся, Кастусь.
- А хiба ты ўмееш?
- Я раз авёс сеяў, як бацька мой хварэў.
- А калi ж ты думаеш?
- Калi хочаш. Толькi, каб не марудзiць, мне ж трэба яшчэ i ў сваю дарогу выбрацца.
- Хоць заўтра.
- А насенне ёсць?
- Не намалочана. Снапы я звезла, сама i пажала. А сеяў яшчэ бацька.
- Дык я табе i намалачу.
У хвiлiны гэтай гаворкi ў яго бiлася ў жыццё вострае жаданне хоць якiм заняткам, хоць якой работай адцягнуць як надалей страшную неабходнасць ехаць немаведама куды.
Цяпер ён выразна падумаў: пакуль намалоцiцца i пасеецца, то пройдзе некалькi дзён. Якое шчасце яшчэ некалькi дзён спакою!
Вялiкi доктар усялякай хворасцi ў чалавечай душы - час - мае вечнага свайго дапаможнiка - працу. Можна сказаць з упэўненасцю, што праз гадзiну якую пасля гэтай гаворкi Кастусь Лукашэвiч не меў у душы нi смутку, нi трывогi. Перш за ўсё яны агледзелi з Волечкай пуню з снапамi. У пунi ж быў i ток. Пасля ён праверыў Нявадаўскiя цапы. Вiдаць, добры гаспадар быў Нявада! Бiчы ў цапах былi важкiя i зручныя. Гужы шчыльныя, i завязкi з добрага сурамцу.
|< Пред. 22 23 24 25 26 След. >|