Пошуки будучыни (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
26 из 228
Праўда, ён ужо быў трэцi тыдзень, i чорствасць зменшыла ацеслiвасць, але ўсё роўна сорам добрай гаспадынi даваць такi хлеб чужым людзям. А што ж iнакш рабiць? Што ж, няхай ён выбачае. I вось, нарэшце, настала хвiлiна есцi. Як добра ён адчуваў сябе пасля работы! А як была рада яна, калi ён весела сеў за стол. Яны елi з адной мiскi, i абое не заўважалi, што хлеб ацеслiвы. Ён усё гаварыў, гаварыў i наiўнымi, бадай што дзiцячымi жартамi рассмешваў яе, наiўную, малую, рухавую. Кудысьцi далёка, у невядомую туманную далечыню адплыў прыкры клопат думаць, куды б ехаць далей, у тую брадзячую беспрытульнасць.
- Але ж ты i гаспадыня! У цябе ж мышэй больш, як таго жыта. Я калi варухнуў снапы, дык мышэй цэлых дзве плоймы i яшчэ маленькая плоймачка бяжыць ззаду.
Яна зарагатала i вылiла з лыжкi на стол. Тады зарагатаў
i ён.
- Бо ката няма, дык i мышы, - тонам апраўдання сказала яна.
- А што ў цябе ёсць! Няма нi ката, нi сабакi, нi пеўня. Нават павука добрага няма. У пунi адзiн вiсiць на павуцiннi, дык такi худы i дробны, што аж рэбры з-пад скуры вiдны. Я тыя рэбры мацаў. Восем абмацаў, а дзевятага дык i зусiм няма. А ён пiшчыць, брыкаецца...
Каб хто чуў, як пасля гэтага рагатала Волечка! Яна ўжо зусiм не магла есцi. Рагатаў i ён. Можа, з гэтай часiны пачало ў гэтай хаце вiць сабе гняздо шчасце. Усю другую палавiну дня i да самых прыцемкаў зноў стукаў цэп на Волеччыным таку. Ужо бралася на змярканне, калi яна раптам штосьцi ўспомнiла i як бы нават з трывогаю нейкаю палезла на гару. А там вяртлявым рухам апынулася на вышках i доўга штосьцi выглядала ў сябе над галавою.
|< Пред. 24 25 26 27 28 След. >|