Пошуки будучыни (на белорусском языке)   ::   Черный Кузьма

Страница: 6 из 228



Волечка ўзяла лейцы i пайшла побач каня, недарослы гаспадар якога скруцiў у паперы нейкае пацёртае лiсце i так зацягнуўся дымам, што здавалася, гэта ён ратуецца ад вялiкае навалы.

- Куды ж ехаць? - сказала Волечка.

- Ну вядзi ў сваю хату, - сказаў салдат.

Волечка ўвяла каня з возам у свой двор. Сама яна адразу пайшла ў хату: у яе была гаспадарка. Трэба было падаiць карову, а на дварэ ўжо зусiм сцямнела. Следам за Волечкай увайшоў у хату i малады выгнанец, якi толькi што пахаваў бацьку. Ён быў босы i ў салдацкай шапцы з пераломаным казырком. Хоць было яшчэ i цёпла, на iм нязграбна сядзела шырокая, не на яго рост, жакетка з самаробнага сукна, вядома ў дарозе. Каўнер абгамтаўся навокал шыi, i, напэўна, ён як адзеўся ў жакетку колькi дзён да гэтага, дык усё ўтрапенне апошнiх дзён так i перабыў, не раздзеючыся. Светлага воласу, з абветраным тварам i з рэдкiмi вяснушкамi на пераноссi, ён здаваўся цiхманым i не вельмi рухавым. Льга было падумаць, на яго гледзячы, што ён так будзе стаяць доўга ў парозе i чакаць, як i куды пойдуць далейшыя справы. А тым часам Волечка даставала з палiцы збанок i накрывала яго цадзiлкай.

- Пойдзеш карову даiць? - сказаў ён з няпэўнай iнтанацыяй няпрошанага госця.

- Пайду. Гэта ж ужо так позна, з усiм гэтым заваждалiся.

- Няхай яно ўсё прападзе, як нядобра, гадка i цяжка.

З аднаго толькi яго хрыпатага голасу можна было чуць, як сапраўды яму цяжка прыйшлося. Ён далей сказаў:

- Я хiба тут у вас з канём на двары пераначую, бо немаведама куды падацца: цёмна, позна, чужая старана. А заўтра буду брацца далей куды.

|< Пред. 4 5 6 7 8 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]