Рэквием для бензапилы (на белорусском языке) :: Орлов Владимир
Страница:
11 из 23
Тым часам Юрка выняў з кiшэнiключ, павярнуўся да мяне спiнай i цiхамiрна ўзяўся штосьцi драпаць. Нейкая вiхура сарвала мяне з месца i перанесла да Юркi. Азiрнуўшыся, я згледзеў, што дошкi раз'ехалiся, i цяпер адтуль да нас перабраўся б хiба што кот.
На цёплай шурпатай паверхнi быка Весялоў надрапаў сваё iмя. Я таксама выцягнуў ключ, i побач з "Юрам" з'явiлася: "Вова". Юрка падумаў i дабавiў дату нашага падарожжа.
Вы памыляецеся, калi лiчыце, што пасля выпрабавання смеласцi мы зрабiлiся сябрамi. Спатрэбiлiся восеньскiя, а ўпрыдачу i зiмовыя вакацыi, каб Юрка зноў загаварыў са мной, папрасiўшы дазволу глядзець у нас хакейны чэмпiянат свету.
Тагачасныя заўзятары памятаюць, што "золата" тады дзялiлi памiж сабою вылучна каманды Савецкага Саюза i Чэхаславакii. Мы "хварэлi" так зацята, што ад навагоднiх святаў нарыхтоўвалi ляскоткi i сустракалi кожную закiнутую "нашымi" шайбу дзiкiм крыкам i выбухамi. Праўда, у той час, калi Юрка Весялоў уладкаваўся поруч са мной насупроць чорна-белага "Нёмана", ляскоткi мы ўжо перараслi. Пачыналiся сямiдзесятыя, i гульнi "нашых" з "чэхамi" набылi палiтычны падтэкст. Мiнецца шмат гадоў, i на Старамескiм пляцы ў Празе знаёмы чэх распавядзе, што ў iх гэта называлася: яны нас танкамi, а мы iх - клюшкамi.
Я пакрывiў бы душой, сцвярджаючы, быццам меў тады нейкае асабiстае стаўленне да савецкiх танкаў каля Карлавага моста. Здаровага скепсiсу, што паспеў пусцiць парасткi ў маёй душы, пакуль хапала адно на тое, каб тушыць экран, калi з'яўлялася застаўка тэленавiнаў.
|< Пред. 9 10 11 12 13 След. >|