Рэквием для бензапилы (на белорусском языке)   ::   Орлов Владимир

Страница: 13 из 23

Мой дэбют адбыўся ў дзень заканчэння дзевятага класа. Мы сядзелi з Юркам у ягоным пакоi з кнiгамi, i ён без усякай прадмовы вывудзiў з-за таўшчэзных тамоў "Сусветнай гiсторыi" даўгую пляшку венгерскага рыслiнгу.

Мы пiлi кiслявы рыслiнг з каньячных кiлiшкаў i закусвалi свежым батонам з разынкамi. Пляшка не паспела апусцець, а я без прывычкi ўжо бачыў Юрку нiбыта праз тоўстае шкло акварыума. Юрка заявiў, што ён цвярозы, як вось гэтыя кнiгi, бо кожнае лета ездзiць да сваякоў у Закарпацце, а там пачынаюць пiць вiно з дзiцячых садкоў. У мяне крэўных у Закарпаццi не было, а таму пасля пары новых кiлiшкаў з кнiжнае шафы мне выразна падмiргнуў барадаты фотапартрэт Хемiнгуэя. Спалохаўшыся, я прапанаваў прагуляцца. Юрка глыбакадумна адказаў, што ў такi дзень яму хочацца паглядзець на раку, i мы пайшлi на Верхнi замак.

Там, над Дзвiной, якая памятала пра нашую адвагу, я загаварыў пра лёхi, што ў сярэднявеччы стваралi пад Полацкам падземны горад-лабiрынт, а Юрка ўрачыста паабяцаў, зрабiўшыся журналiстам, прывезцi сюды мiжнародную археалагiчную экспедыцыю. Я ўжо здагадваўся, што такое мужчынскае сяброўства: гэта калi можна выпiць вiна i адкрыць сябру любую таямнiцу.

На Верхнiм замку я пачуў, што Юрку падабаецца наша новая вучанiца Ларыса Жылкiна, а на падвесным мосце над Палатой язык у яго конча развязаўся i мне быў давераны працяг тайнiцы: яна, Ларыса, таксама не абыякавая да Юркi.

|< Пред. 11 12 13 14 15 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]