Рэквием для бензапилы (на белорусском языке)   ::   Орлов Владимир

Страница: 12 из 23

Бацька круцiў ручкi нашай дабiтай радыёлы "Беларусь" амаль штовечар, я ж настройваў прыймач на "варожыя галасы" адно дзеля суботнiх музычных праграмаў.

Такiм чынам мы - я, Юрка i бацька - глядзелi гульню з чэхамi: пляскалi, хапалiся за галовы, ускоквалi i нервова расхаджвалi па пакоi. Калi не лiчыць ляскотак, усё iшло як звычайна, як летась i пазалетась, але трэцiм вокам я заўважыў штосьцi не тое. Бацька пляскаў неяк неўпапад, а перахапiўшы мой пагляд, хутка адвёў вочы. Напрыканцы першага перыяду я пераканаўся: бацька хварэе за чэхаў. Мала таго, на ягоным баку, паводле некаторых прыкметаў, быў i Юрка. Але i гэта было не ўсё: я разгублена адчуў, што якiсьцi спрытны антыпатрыятычны мiкроб збунтаваў i маю душу. Я таксама быў далучаны да змовы. Гульню мы дагледзелi ў наструненым маўчаннi, не iмкнучыся абменьвацца нават позiркамi. Выдатна памятаю, што, нягледзячы на нашую здраду, "нашы" выйгралi. Мы пацiснулi адзiн аднаму рукi i па-мужчынску стрымана павiншавалiся з перамогай.

Хакей зрабiў тое, што аказалася не пад сiлу мосту цераз Дзвiну: увесну мы з Юркам напраўду пасябравалi.

Гэтая падзея мела шмат наступстваў.

Па-першае, я атрымаў доступ да Юркавай бiблiятэкi, дзе накiнуўся на васьмiтамовiк Конан Дойла, а потым узяўся за зялёныя фалiянты "Сусветнай гiсторыi".

Па-другое, я даведаўся, што Юрка марыць стаць журналiстам-мiжнароднiкам i падарожнiчаць па розных краiнах. (Падзялiўшыся таямнiцаю, ён узяў з мяне пiсьмовую прысягу маўчаць.)

Па-трэцяе, дзякуючы Юрку, я ўпершыню выпiў вiна.

|< Пред. 10 11 12 13 14 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]