Рэквием для бензапилы (на белорусском языке)   ::   Орлов Владимир

Страница: 14 из 23

На лета яны абое з'язджаюць, каб у разлуцы выпрабаваць пачуццi, а ўвосень Юрка павiнен, як ён выказаўся, да канца быць мужчынам, бо, апрача ўсяго iншага, гэта надзвычай важна для будучага журналiста. Прызнаюся, што Юркаў намер выклiкаў у маёй душы паблажлiвае пачуццё перавагi, таму што я, хоць i не каштаваў вiна, смак iншых забароненых пладоў ужо ведаў.

Ларыса была, як я кажу цяпер, зусiм не маiм кубкам кавы, ды гэтая тонкая, але без нiводнага вугалка цi вострае костачкi, уся зграбная i гнуткая, як ласка, дзяўчынка з кароткай каштанаваю грыўкай, спакойнымi лiнiямi правiльнага твару i нечакана свавольнымi мушкамi ў вялiкiх арэхавых вачах магла, безумоўна, падабацца не толькi Юрку. Вяртаючыся ў той час, я думаю, што з iх атрымалася б добрая пара. Убачыць побач з Ларысаю Юрку мне даволi проста: адзiнае ў класе вольнае месца чакала новенькую менавiта за ягоным сталом. Варта дадаць, што Юркавай абраннiцы вам было б цяжкавата ўтлумачыць, што такое жаночая сарамяжлiвасць. На развiтальнай вечарыне перад вакацыямi яна запрасiла суседа па парце на дамскi танец (гэта рэабiлiтавала яе ў маiх вачах за папярэдняе танга з Окаркам) i сама прапанавала Юрку правесцi яе дадому.

Магiчным словам для ўваскрашэння галоўных падзеяў таго лета з усiмi iх барвамi i пахамi для мяне заўсёды будзе "Адэса". Мы з бацькам прабавiлi там два жнiвеньскiя тыднi, жывучы ў гатэлi "Пасаж" на Дзерыбасаўскай, адкуль прыехаў у Полацак надзейна схаваны сшытак вершаў пра карыя iлюмiнатары, шкляныя вочы медузаў, трамваi на Аркадзiю i хваляломы ланжэронскiх пляжаў.

|< Пред. 12 13 14 15 16 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]