Рэквием для бензапилы (на белорусском языке)   ::   Орлов Владимир

Страница: 16 из 23



А яшчэ кожны вечар адбываўся наш шпацыр па Дзерыбасаўскай з яе шматмоўным натоўпам адэсiтаў i маракоў усiх колераў скуры, вачэй i валасоў, з яе старадаўнiмi вагамi, што паказвалi не кiлаграмы, а пуды i фунты, з такiмi самымi, у пудах i фунтах, дзяленнямi на металёвых рэйках сiламераў у выглядзе круглых плюшавых падушачак са схаванымi спружынкамi (ахвотнiкi малацiлi па падушачках голымi i валасатымi кулакамi, i на рэйках падскоквалi ўгору рухомыя масянжовыя рамкi з рыскаю, пакуль аднойчы па вулiцы не прагуляўся мурын, якi адзiн за адным метадычна расправiўся з усiмi сiламерамi - заместа кулака ён карыстаўся голенай галавою-яйкам, у вынiку чаго рэек з дзяленнямi не хапала i масянжовыя рамкi ляцелi кудысьцi ў голле белых акацыяў), па Дзерыбасаўскай з яе акрабатам-жлуктам у капелюшы i балоннi на голым целе, што хадзiў вакол свайго пасланага на ходнiку плашча на руках, у той час як ягоная малпачка збiрала ў капялюш грошы, каб потым дапамагчы гаспадару распiць у скверы пляшку таннага вiна, па Дзерыбасаўскай, што здавалася маёй тагачаснай рамантычнай натуры фiлiялам Зурбагана i Гэль-Г'ю з навелаў Аляксандра Грына...

Мне праглася, каб усё гэта ўбачыў i адчуў мой сябар Юрка. На схiле жнiўня мы сядзелi на беразе Палаты недалёка ад старых Ксавэр'еўскiх могiлкаў i па чарзе пiлi з рыльца прывезенае Юркам з Закарпацця п'янкое маладое вiно.

З некалькiх асцярожных Юркавых слоў вынiкала, што пачуццё да суседкi па парце вытрымала праверку часам. Мяне гэта не ўсцешыла. Тымi днямi я ажно двойчы сустракаў Ларысу з Окаркам.

Першы раз яна толькi прысутнiчала сярод дваровай публiкi, што слухала Валеркавы песнi пад гiтару. Калi я праходзiў паўз альтанку, адтуль даносiўся ягоны прыемны чысты голас:

У не-е-й такая маленькая грудь,

А губы, губы алые, как маки.

Уходит капитан в далекий путь

И любит девушку из Нагасаки...

Другi выпадак быў не такi бяскрыўдны. Да ачмурэння нарэзаўшыся на даху нашага дома ў карты, мы выправiлiся ў кiнатэатр "Радзiма". Следам пацягнуўся сын п'янiцаў з першага пад'езда Ваня Шпакаў, вучань 4-га класа з букетам самых сумнеўных схiльнасцяў. Ваня ўжо стаяў на ўлiку ў мiлiцыi - за тое, што скруцiў нiпелi ў аўтобусе з узбекскiмi артыстамi, якiя выступалi ў Полацку пасля знакамiтага ташкенцкага землятрусу.

У кiнатэатры iшоў адзiн са страшэнна папулярных у жыхароў нашага горада iндыйскiх фiльмаў, але сеанс быў дзённы, i мы выгодна ўладкавалiся на першых радах напалову запоўненай залi.

|< Пред. 14 15 16 17 18 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]