Рэквием для бензапилы (на белорусском языке) :: Орлов Владимир
Страница:
18 из 23
Юркавы вочы правалiлiся, а нос завастрыўся i зрабiўся падобны да дзюбы грака-альбiноса. Памятаю, што ўсе здагадкi круцiлiся ў маёй наiўнай галаве вакол дзвюх асноўных версiяў: iмпатэнцыя i брыдкая хвароба. Насамрэч, здарылася зусiм iншае.
Чакаючы ў тую суботу Ларысу, ён зрабiў вусцiшнае адкрыццё: схоўка за цёмна-зялёнымi тамамi "Сусветнай гiсторыi" была пустая. Хтосьцi з бацькоў знайшоў пляшку i захапiў яе на летнiк. Грошай на яшчэ адну ў Юркi не хапiла. Гонар не дазволiў яму нi адчынiць Ларысе дзверы, нi з'явiцца ў класе. Калi Юрка апавядаў пра гэта, яго калацiла як у лiхаманцы. Мяне дасюль здзiўляе, што ён наогул здолеў расказаць пра сваю драму.
Я не прыдумаў нiчога лепшага, чым засмяяцца i сказаць, што людзей з такiм самалюбствам, напэўна, адзiн на мiльён. Гэта аказалася жудаснай памылкаю, хоць, далiбог, я i сёння не ведаю, як павiнен быў паводзiцца.
Там, на нашай лавачцы над ракой, я гаварыў яшчэ нешта - што Ларыса ўсё зразумее, што ён, Юрка, выключны чалавек, што я веру ў iх каханне i нашае сяброўства. Сустрэўшыся з iм вачыма, я здрыгануўся: ягоны твар зрабiўся мёртвай пагардлiвай маскай. Юрка падняўся i, злёгку пакланiўшыся мне, прамовiў: "Вы свободны, сударь". Я i зараз бачу, як ён, рослы i сутулы, з паднятым каўняром брунатнага плашча, брыдзе па беразе ў сутонне, назаўсёды аддаляючыся ад мяне, i за iм бяжыць абчапляны ваўчкамi здзiчэлы белы дварняк.
Пасля выхадных класны паведамiў, што бацькi перавялi Весялова ў iншую школу.
|< Пред. 16 17 18 19 20 След. >|