Рэквием для бензапилы (на белорусском языке) :: Орлов Владимир
Страница:
2 из 23
А неўзабаве ў Полацак заявiўся маладжавы чалавек у супермодным тады крымпленавым гарнiтуры. Ён рэкамендаваўся карэспандэнтам маскоўскай газеты i збiраўся пiсаць пра Весялова нарыс, дзеля чаго найперш iмкнуўся высветлiць, якое месца ў Юркавым жыццi займалi жанчыны i спiртное. Нiчога я таму "карэспандэнту", вядома, не сказаў, хоць абсалютна дакладна ведаў: жанчыны (дакладней, жанчына) i спiртное (а менавiта пляшка белага сухога вiна) сапраўды адыгралi ў лёсе Юркi Весялова фатальную ролю.
Смакуючы ў тую восень духмянае гарачае пiтво, я не мог i ўявiць, што праз колькi гадоў у Клiўлендзе, штат Агаё, праз знаёмых беларусаў буду запрошаны ў дом да чалавека з ангельскiм iмем, ангельскiм прозвiшчам i вачыма колеру валошак на ягоным кветнiку пад вакном, да чалавека, якi адкаркуе рукою без двух пальцаў пляшку вiскi i, выправiўшы сваю Пэгi на кухню, раптам пяройдзе з ангельскай мовы на расейскую i спытае без усякага акцэнту, цi не даводзiлася мне, паколькi я палачанiн, чуць пра земляка з прозвiшчам Весялоў, а калi на дне пляшкi не застанецца нi кроплi бурштынавага напою, Юркава гiсторыя набудзе безнадзейную завершанасць, дзякуючы чаму сёння, зварыўшы кубак глiнтвейну, я маю магчымасць расказаць вам яе да канца. Пагатоў не выключана, што сярод вас апынецца жанчына з тых дажджлiвых восеньскiх дзён, якая ўзгадалася мне, напэўна, проста з прычыны падабенства яе ножак з ножкамi жыхаркi Клiўленда Пэгi.
Калi апавядаць усё па парадку, дык варта пачаць з таго, што недзе ў Расеi ёсць горад Гусь-Хрустальны, а там - славутая гута.
|< Пред. 1 2 3 4 5 След. >|