Рэквием для бензапилы (на белорусском языке)   ::   Орлов Владимир

Страница: 4 из 23



Помсцячы за парэзаны кухонным нажом i па кавалках выкiнуты ў фортку футбольны мяч, мы маглi праз замочную шчылiну перапампаваць вялiкiм шпрыцом у кватэру пенсiянеру Акiмавiчу з першага паверха вядро вады, але нiкому з нас нiколi не заманулася, уладкаваўшыся на даху нашага пяцiпавярховiка, налiваць ваду ў здзьмутыя паветраныя шарыкi i скiдаць iх на выпадковых прахожых, ад чаго чалавек са слабымi нервамi мог памерцi на месцы з перапуду. Схаваўшыся ў глогу на праспекце Карла Маркса, мы таксама падкiдвалi на ходнiк стары гаманец на лёсцы або зношаную дамскую сумачку, аднак нам не прыходзiла ў голаў, як Вiцю Байцову з нашага класа, зняць штаны i, перапрашаю, проста ў тую сумачку накласцi. I мы не мелi нiякага сантыменту да выкладчыка працы, якi за ўрок здольны быў ледзь не кожнаму надаваць сваёй важкай рукою па карку, аднак даўгi цвiк увагнаў спадыспаду ў настаўнiкава крэсла не хтосьцi з нашых, а "гусь" Iгар Гарачоў, якi ўжо ў восьмым класе трапiў у скурвендыспансер з дыягназам ганарэя. Мы, як i "гусi", любiлi пагойсаць па падвалах, толькi ўжо няма патрэбы тлумачыць, хто вынайшаў арыгiнальны спосаб адключэння падвальных лiхтарняў, дзеля чаго, як высветлiлася, дастаткова было наюндзiць у адкручаныя матавыя плафоны, а потым асцярожна закруцiць iх назад i пстрыкнуць уключальнiкам.

Ужо ў першым класе "гусi" ўвялi звычай, iдучы на летнiя вакацыi, знадворку бiць аб школьныя сцены чарнiлiцы-каламаркi. Гэта яны прывязвалi катам да хвастоў бляшанкi з каменнем i мазалi бедакам у прычынным месцы шкiпiнарам. Я не выключаю аберацыi памяцi, але мне здаецца, што гэта яны з дапамогаю тоўчанага шкла звялi ў "жывым кутку" старую жаўлу Тарцiлу, што, як сцвярджаў настаўнiк бiялогii, нарадзiлася яшчэ да вайны.

|< Пред. 2 3 4 5 6 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]