Рэквием для бензапилы (на белорусском языке)   ::   Орлов Владимир

Страница: 3 из 23

Я выдатна мог бы абысцiся без гэтае геаграфii, каб да таго часу, як мне iсцi ў школу, шклозавод не пабудавалi i ў Полацку i каб з таго Гусь-Хрустальнага не прыехалi да нас расейскiя спецыялiсты. Карацей, як пяецца ў адной беларускай народнай песнi трыццатых гадоў XX стагоддзя, "нам Масква прыслала падкрапленне".

Не ведаю, якую карысць меў ад тых спецыялiстаў новы завод, а вось iхнiя дзецi, што жылi ў нашым двары i вучылiся ў нашай школе, назаўсёды засталiся ў полацкай гiсторыi як спецыялiсты ў справах зусiм iнакшых.

Хлапчукi з Гусь-Хрустальнага гаварылi чыста па-расейску, "окалi" i не разумелi, што такое "бурак" i "курмель", але ўражанне, быццам яны з'явiлiся з iншай краiны, узнiкала зусiм не таму. У параўнаннi з намi, карэннымi полацкiмi мальцамi, "гусi" былi якiясьцi дзiкiя. Не, яны не дзiчылiся нас i не былi нецывiлiзавана праставатымi. Наадварот, у нашым дзiцячым свеце "гусi" рэзка вылучалiся нахабствам, вынаходлiвасцю i жорсткасцю.

Я не хачу сказаць, што мы самi нагадвалi да агiднага прыстойных мамчыных сынкоў. Аднак нашыя свавольствы, помсты i падрахункi мелi, так бы мовiць, адбiтак тутэйшасцi, адбывалiся з гэтага боку нейкай заўсёды даволi адчувальнай мяжы, "гусi" ж не былi яе часовымi парушальнiкамi, а з самага пачатку дзейнiчалi з другога боку.

|< Пред. 1 2 3 4 5 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]