Справа Виктара Лукашэвича (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
2 из 31
Нiякiх доказаў няма, абсалютна. Ды яны i не трэба. Вам што! Вы схавалiся за псеўданiм - "Рабочы". Як вы любiце казыраць гэтым словам i адурачваць гэтым таго ж самага рабочага! Для вас слова "рабочы" - гэта прылада для заработку. Вы казыраеце сваiм пахаджэннем! Толькi не перада мною вам казыраць iм! Вы ўсюды тыцкаеце сваю "рэвалюцыйнасць". А на справе, што для вас сама рэвалюцыя? Гэта такое ўстанаўленне на свеце, на якiм нашаму брату вельмi зарабляць добра можна. Гэта сродак з якога-небудзь унтэр-афiцэра зрабiцца добрым савецкiм начальнiкам, i калi ўдалося ўшыцца ў партыю, дык браць партстаўку цi, прынамсi, дамагацца яе, арганiзоўваць усялякiя закулiсныя авантуры i плёткi, палiтыканства лiчыць за палiтыку, ухiтрацца пускаць усё гэта "па партыйнай лiнii", жыць у вялiкiм горадзе, лавiраваць, каб не папасцi куды-небудзь у глуш, кожны год ездзiць адпачываць на поўдзень (бо вы ж за год працы стомiцеся!), часта мяняць жонак (бо рэвалюцыя ж раскiдала старую сям'ю i дала савецкаму грамадзянiну волю!), псаваць мову беларускай нацыi не вывучэннем яе, а канцылярскай "беларусiзацыяй" на 100 прац., выслужвацца перад начальствам, трубiць усiм у вушы сухiя лозунгi, ператвараючы ў iх жывое слова рэвалюцыi, гаварыць на сходах агульныя, "вытрыманыя на 100 прац.", фразы - от i ўсё. От i iснасць для вас рэвалюцыi. Выгадная штука гэтая рэвалюцыя! Цi ж не праўда? Можна жыць i Бога хвалiць (лепш усяго гэтую старую прымаўку асучаснiць, i каб яна была iдэалагiчна вытрыманая - "можна жыць i рэвалюцыю хвалiць!").
|< Пред. 1 2 3 4 5 След. >|