Справа Виктара Лукашэвича (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
8 из 31
* * *
Кухня тая была - невялiкi куток насупраць печы. Пабеленыя калiсьцi цалёўкi, якiмi яна была адбiта ў хаце, былi няшчыльна прыстаўлены адна да адной, i праз шчылiны свiцелася ўсё, што рабiлася ў хаце. Цiха было, i нiкога тут.
У сенцах затупалi боты, i дзiцячы грубаваты голас загаварыў цiха:
- Снег да ботаў прымёрз... От папрымярзаў!
Неўзабаве другi, вясёлы голас:
- Што ты сам з сабою гаворыш, дурань ты?
Першы голас:
- Вельмi ўжо ты разумны... Гэта я снег з ботаў абiваю.
I пайшлi гаварыць:
- Ужо ў хату пойдзеш?
- Але.
- Жывёлу панапойваў?
- Няўжо ж не!
- Дык сядзi ў хаце цiха, не стукай нiчым.
- Хаця ты не стукай, а я то не стукаю.
- Не стукаеш! А ўчора маму пабудзiў.
- Бо мне трэба было палена раскалоць на падпал.
- Дык не мог ты ў сенцы выйсцi!
- Усё роўна, i ў сенцах стукае.
- От, яшчэ будзеш аскiрзацца!
- А што ж!
Нейкi час маўчалi, а пасля зноў той першы, дзяцiны, абазваўся голас:
- А ты што цяпер рабiць будзеш?
- Кончу ўпраўляцца i ў хату прыйду... Iдзi, дык я зачыню сенцы.
Адчынiлiся хатнiя дзверы з сянец, i ў кухню ўвайшоў той, хто гаварыў кагадзе ў сенцах дзiцячым голасам. Ён быў у шарачковай кароткай, вельмi гаматной капоце - мусiць, яна была на кудзелях, - у ботах, у шапцы з вушамi - з шэрага труса. Ён адразу скiнуў з сябе капоту, шпурнуў на лаву; паважна, як стары, хукаючы на рукi, падышоў да стала. Дастаў з акна пачак тытуню, скруцiў папяросу i закурыў.
|< Пред. 6 7 8 9 10 След. >|