Справа Виктара Лукашэвича (на белорусском языке)   ::   Черный Кузьма

Страница: 9 из 31

Узяў з качэргаў нейкi ражон, прычынiў iм дзверцы ў комiне i пускаў туды дым, задзiраючы галаву. Ён быў белагаловы, сiнявокi, гадоў яму было дванаццаць, а можа i трынаццаць. Гэтак ён стаяў i курыў, радасна адчуваючы хатняе цяпло.

У хаце, там, дзе ляжала хворая, зашаравалася аб зямлю дрэва - мусiць, ножка ў зэдлiку. Дык курэц у кухнi, душачыся дымам, апошнi раз шпарка зацягнуўся i схаваў недакурак у кулак. Хацеў зачынiць у комiне дзверцы, але не было ўжо калi - з хаты падходзiлi да кухонных дзвярэй, ён ледзьве ўспеў стаць каля стала, як у дзвярах з'явiлася сястра.

- Цi не курыш ты?

- Не.

- А чаму ж дым па хаце ходзiць?

- Дык я яго ў комiн пускаў. Яго адразу выцягае на двор. Гэта адно трохi на кухню пайшло... Як бачыш выцягне.

- Нашто ты курыш?

- Так.

- Рана табе яшчэ курыць,

Сказала гэта i як бы штосьцi ўспомнiла, пра нешта падумала - сцiхла раптам, шырока адчынiла кухонныя дзверы, каб вiдаць было хворую, i ўвайшла ў кухню. Брат сеў на лаву, пасядзеў i, падумаўшы, што ўсё роўна ўжо, стаў пад комiнам i спакойна дакурыў.

- Вучышся?

- Вучуся.

- I Вiця?

- Або ты не ведаеш!

- Калi ж вы ўпраўляецеся дома?

- Досвiткам устаём.

- А як вясною будзе?

- Мусiць, Вiця пакiне.

- А ты?

- Буду давучацца.

- А што ты так робiш?

- Нiчога.

- А дзе твае кнiгi?

- У сенцах на лаве.

- Чаму ты iх вынес?

- Так сабе... Замiнаюць адно.

- Ты, мусiць, нiколi не чытаеш iх?

- Чаму не, чытаю...

|< Пред. 7 8 9 10 11 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]