Тоыстае палена (на белорусском языке) :: Колас Якуб
Страница:
7 из 12
У першую нядзельку адлажыў Паўлюк поўрубель грошай на гарэлку, якую ён вып'е з Сучынскiм, запрог конiка iўжо сабраўся ехаць. Неспакойна трохi было на сэрцы ў Паўлюка, дый злосць яго стала праходзiць, i ён гатоў ужо быў плюнуць i на той воз дроў, што на каморы абярнуў яму аб'ездчык, i на самога аб'ездчыка. Але, як ён выязджаў з двара, жонка, выткнуўшыся з сяней, гаворыць да яго:
- Зайдзi, Паўлюк, у ляснiцтва i вазьмi асiгнату*, бо скора не будзе чым выпалiць у печы: скiнулi ж табе на каморы дровы.
* Асiгната - талон на вываз дроў.
Як шылам парнулi Паўлюка гэтыя дровы.
- Але! Гэта ж i я забыўся, што дроў няма нi палена, - сказаў Паўлюк i ўзяўся за кiшэню: абмацаў поўрубель, завязаны ў анучыну, той поўрубель, якi прызначаны быў споўнiць такую важную задачу. У другiм вузельчыку ляжалi два злоты на крупы, саракоўка на тараны i селядцы; залатоўка на соль i газу; дзве дзесяткi i чатыры грошы* на вобмешку япручку i яшчэ некалькi медзякоў на тытун i запалкi.
* Злоты - 15 капеек; саракоўка - 20 капеек; залатоўка - 15 капеек; дзве дзесяткi - дзесяць грошай, 5 капеек; чатыры грошы - 2 капейкi.
А за што ўзяць асiгнату на дровы? Хiба за гэты поўрубель? Паўлюк на момант задумаўся, а потым сцебануў пугаю каня i паехаў, сярдзiты i нездаволены. Зноў не было спакою на душы ў Паўлюка, зноў перад вачыма стала тоўстае палена, воз дроў, аб'ездчык, камора.
- Хiба ты скрозь зямлю правалiшся! Будзеш ты ў мяне помнiць гэтае палена: бокам яно табе вылезе, - гаварыў сам сабе Паўлюк, згортваючы руку ў кулак.
Невясёлыя думкi насiлiся ў Паўлюковай галаве.
|< Пред. 5 6 7 8 9 След. >|